Дызайнеры распрацавалі эмблемы для замкаў Беларусі
Расказаць пра нашу краіну з дапамогай сучасных візуальных вобразаў — такой мэтай задаліся дызайнеры са студыі Алены Шутавай. У аснову былі пакладзены вядомыя легенды выдатных мясцін і помнікаў. Творчая каманда спадзяецца, што карцінкі з задавальненнем будуць выкарыстоўваць на сувенірнай прадукцыі, а турыстам будзе цікава даведацца падрабязнасці.
Для эмблемы Мірскага замка дызайнеры перапрацавалі легенду пра містычныя з’явы, якія пачаліся, калі на месцы яблыневага саду выкапалі возера.
На нясвіжскай эмблеме можна ўбачыць вобраз прывіда Барбары Радзівіл, а таксама дрэвы, якія спляліся між сабой на месцы трагедыі кахання.
Эмблема Лідскага замка расказвае нам гісторыю смерці місіянераў, забітых мясцовымі жыхарамі. Па легендзе, там потым выраслі хвоі.
Эмблема Ружанскага замка дэманструе раскошу і золата. Таямнічы скарб быццам бы і да гэтага часу недзе там схаваны.
Над Камянецкай вежай узвышаюцца волаты, якія, паводле паданняў, яе і пабудавалі.