Дзе пішацца сапраўдная беларуская літаратура?
Пытанне ўзнікла, калі адзін вядомы сучасны пісьменнік сказаў, што толькі на свабодзе, то бок, за мяжой, можна ствараць літаратуру. А сёння мы маем чарговы кароткі спіс на літаратурную прэмію імя Гедройця. І ў спісе я бачу аўтараў па абодва бакі беларускай дзяржаўнай мяжы.
Я ведаю, што мой прыяцель медыяменеджар Андрэй Аляксандраў у калоніі піша тэксты для песень. За кратамі шмат чаго было напісана ў розныя гады ў розных краінах. За кратамі, альбо пасля вызвалення, але пад уплывам.
Калі вобразна пераносіць на ўсю Беларусь, то без жартаў кажу, што краіна яшчэ не зона, як Туркменістан, і не турма, як Паўночная Карэя, але хутчэй для кагосьці «хімія», а для кагосьці «хатняя хімія».
Беларускія літаратары пішуць, будучы ў краіне, захопленай бандай садыстаў-тэрарастаў. Пішуць пакуль у стол, асцярожна выстаўляючы прыродныя ці жыццёвыя замалёўкі.
А ёсць беларускія літаратары, якія так даўно не былі ў Беларусі, што проста не могуць зрабіць якія-кольвек адсылкі да сучаснасці, і робяць чыстае мастацтва, не прывязанае да актуаліяў.
Ёсць ужо пачатак новай эмігранцкай літаратуры. Пакуль гэта тэксты для песень, але ведаю, што пішацца і проза.
Сама эміграцыя вельмі розная. Мне надоечы на поўным сур’ёзе сказалі, што гісторыя беларусаў у Батумі будзе не цікавая беларусам Беластоку.
Але ж мы ўсе беларусы, і новыя пункты на мапе – гэта ўжо наша агульная гісторыя.
Сапраўдная беларуская літаратура пішацца там, дзе ёсць сапраўдныя беларусы.
Колькі новых эмігрантаў паспрабуюць забыцца на сваю хоць бы фармальную беларускасць, і сальюцца з навакольным атачэннем? Мы не ведаем.
Але ведаем калі вымушаныя эмігранты-пісьменнікі рабіліся папулярнымі ў сваіх новых краінах, і нават у цэлым свеце.
У часы таталітарнага СССР і халоднай вайны на заходніх радыё чыталі творы дысідэнтаў.
Сёння беларусам ёсць чым падзяліцца з навакольным светам, у тым ліку ў мастацкай форме.
Сілы зла адкрылі Ізраільскі фронт, і прагнозы на пашырэнне Трэцяй Сусветнай вайны сталіся яшчэ больш праўдападобнымі.
Мой прыяцель у лукашэнкаўскіх засценках і невядомы мне ізраіліцянін у лапах тэрарыстаў з сектару Газа – знаходзяцца прыблізна ў адных і тых самых захопнікаў, з падобнымі матывамі.
Наўрад ці прэмія можа штосьці змяніць простым чынам, але яна стымулюе да творчасці. А творчасць дапамагае людзям выжываць псіхалагічна.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя