Дзе ж вы бачыце вечныя сны, ваякі-балахоўцы?



Пра тое, што каля вёскі Чухава, якая знаходзіцца за 30 кіламетраў у паўночна-ўсходнім напрамку ад Пінска, ўвосень 1920 года пахаваныя балахоўцы, напісала мясцовая рэгіянальная газета. Артыкул выйшаў яшчэ ў сярэдзіне 90-х гг., але на днях выпадкова трапіў да аўтара гэтых радкоў.

Па ўспамінам сялян апісвалася нават месца. Гэта невялікія ўзвышэнні побач з вёскай, якія засаджаныя бярозамі. Цяпер такіх краявідаў каля Чухава хапае ды і тых сведкаў ужо няма. Сёння мясцовыя не прыгадваюць падзей стогадовай даўніны, праўда ёсць іншыя цікавосткі. Старыя адразу не разумелі пра якую вайну вядзецца гаворка. Казалі, маўляў пытаеце пра антысавецкую партызанку? Вядома, што яна месцамі на Піншчыне трывала ажно да 1950-х і пра тое Беларускае Радыё Рацыя ўжо распавядала ў артыкуле „Стрэлы над Прыпяццю”.

Побач з Чухава вялікае водасховішча Пагост.

Канешне, так наўпрост па газетных радках адшукаць пахаванні жаўнераў Станіслава Булак-Балаховіча на Піншчыне, у тым жа Чухава, немагчыма. Але ж на вясковых могілках ёсць некалькі магілаў вайскоўцаў. Афіцыйна лічыцца, што гэта пахаванні палякаў і чырвонаармейцаў, якія загінулі ў час Польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 гадоў. Ёсць вялікая верагоднасць таго, што пад шыльдай “невядомы жаўнер” хаваецца імя кагосьці з балахоўцаў.

У тым жа артыкуле вядзецца гаворка і пра жаўнераў Балаховіча ў народнай памяці жыхароў пінскага краю. Адметнасцю з’яўляецца тое, што водгукі ад сяла да сяла розныя і бываюць нават супрацьлеглыя. Напрыклад, у Чухава выказваліся нейтральна, а нехта і з прыязнасцю, а вось у суседнім Пагосце-Загарадскім быў суцэльны негатыў. Узгадвалі рабаванне і гвалт. Казалі пра забойствы габрэяў, крадзеж маёмасці ў землеўласнікаў, нават простых сялян. Сапраўды гэта негатыўны факт, які меў месца.

Тут быў штаб 4-й арміі бальшавікоў, якую разграміў Балаховіч.

“…Ва ўмовах вайны лёгка было парушыць дысцыпліну. Польскія часткі таксама мелі на сумленні не адзін супярэчны з гонарам жаўнера ўчынак, аднак памеры злачынстваў, здзейсненых жаўнерамі генерала Булак-Балаховіча, пераўзышлі ўсялякія, нават ваенныя, нормы. Ахвярамі балахоўцаў перш за ўсё рабіліся габрэі. Балахоўцы абвінавачвалі іх ва ўсіх няшчасцях, якія напаткалі Расею ў выніку бальшавіцкай рэвалюцыі. Значная колькасць габрэяў на абшары, дзе вёў свае баявыя дзеянні атрад Балаховіча, сапраўды падтрымлівала бальшавікоў, пры гэтым нярэдка са зброяй у руках. Аднак гэта не апраўдвае пераследу ўсяго габрэйскага насельніцтва…,” – урывак з кнігі Алега Латышонка “Жаўнеры БНР”.

Чаму мы баімся вайны? Бо гэта не нешта ружовае і цёплае, а смерць, якая мае сотні абліччаў – ад забойства куляй да раздзялення на кавалкі усім чым заўгодна. Вайна расчалавечвае. Баявыя дзеянні, якія адбываліся ў 1917-1921 гадах на абшарах былой Расейскай імперыі вяліся не паміж двума ці трыма сіламі, а бадай у кожным краі было з дзясятак розных фармаванняў. Кожны праяўляў сваю рашучасць і нянавісць да ворага.

Разам з тым нельга адмаўляць вайсковых поспехаў генерала Станіслава Булак-Балаховіча і мужнасці ў баю ягоных жаўнераў. Прызнавалі тое і праціўнікі балахоўцаў. Змаганне ў верасні 1920 года за Пінск гісторыкі называюць самай удалай аперацыяй генерала ў ходзе ягонага паходу на Палессе. Булак-Балаховіч захопам Пінска рассек 4-ю армію Саветаў, перарваў сувязь паміж яе часткамі. Корпус генерала павялічыўся ўдвая: 4600 штыкоў і 1150 шабляў. Амаль усе палонныя чырвонаармейцы перайшлі на бок Булак-Балаховіча, а дасланы з Лунінца бронецягнік для абстрэлу пазіцый балахоўцаў знішчаны дыверсійнай групай. Акрамя прызнання вайсковага генія генерала, замацавання ягонага аўтарытэту, гэта была надзвычай добрая навіна для Варшавы, якая на той час вяла вайну з Масквой.

Аперацыю Балаховіча па захопе сталіцы Палесся годна ацаніў камандзір 55-й Петраградскай дывізіі Барыс Фельдман. Пасля вайны гэта будзе важны функцыянер у вайсковай сферы СССР. Ён стане чальцом Савета абароны, будзе каардынаваць працу па кадрах у Чырвонай Арміі і разам з маршалам Тухачэўскім у 1937 годзе трапіць пад рэпрэсіі.

“У прарыў, які з’явіўся паміж 4-й і 5-й арміяй яшчэ ў сярэдзіне верасня 1920 года накіраваўся атрад Булак-Балаховіча з трох радоў, колькасцю каля 1000 чалавек. Яго рух па лясіста-балоцістым раёне вельмі перашкаджаў нашай выведцы і, нягледзячы на ​​пастаўленыя на пераправе праз раку Прыпяць заставы, можна было калі заўгодна чакаць з’яўлення балахоўцаў у тыле 4-й арміі (…) 26 верасня балахоўцы прарваліся праз нашы заставы да чыгункі, знішчаючы шляхі да станцыі Манькавічы, з налёту авалодалі Пінскам. Частка штаба 4-й арміі і вайсковых упраўленняў цягніком прарваліся ў Лунінец (…) Упраўленне часткамі было страчана. Тыл арміі апынуўся ў руках Булак-Балаховіча. 55-я і 57-я стралковыя дывізіі і два бронецягнікі былі адрэзаныя ад сваёй камунікацыйнай лініі, маючы ззаду пінскія балоты з абмежаванай колькасцю дарог і перапраў … Гарнізон Пінска не аказаў супраціву, горад хутка апынуўся ў руках праціўніка”, – занатаваў Барыс Фельдман.

Пінскі кафедральны касцёл – імглівы сведак трыумфу генерала Балаховіча.

Пасля ўмацавання ў Пінску, Станіслаў Булак-Балаховіч разам з палітычнымі саюзнікамі прыняў наступны план: авалодаць лініяй Оўруч-Мазыр-Жлобін, нанесці ўдар па пазіцыях бальшавікоў у Бабруйску і Барысаве. У занятым Мазыры генерал прыняў тытул Начальніка Беларускага Дзяржавы і падпісаў дамову з Барысам Савінкавым (старшыня Расейскага палітычнага камітэта) пра тое, што формы адносін паміж Беларуссю і Расеяй вырашаць народы абедзвюх краін на Устаноўчым Сходзе. Пераможны марш па ўсходнім Палессі працягваўся да канца лістапада 1920 года, пакуль Крэмль не ўсвядоміў, што войска Булак-Балаховіча і ягоны ўрад ўяўляюць рэальную пагрозу. На той момант Саветы ўжо не вялі актыўных баявых дзеянняў з Польшчай, таму падцягнулі дадатковыя сілы. У снежні 1920 года паход балахоўцаў быў згорнуты і пачалося адступленне.

Комікс са штомесячніка „Uważam Rze Historia” пра тое, як балахоўцы Пінск бралі.

У 1918-1920 гадах на беларускай зямлі было шмат трагедый, здрады і папулізму з вуснаў саюзнікаў, якія рэальна не спрыялі станаўленню незалежнай Беларусі, а выкарыстоўвалі беларускае пытанне на сваю карысць. Тым не менш паход балахоўцаў на Палессі засведчыў жаданне беларусаў мець сваю Дзяржаву. Постаць генерала Станіслава Булак-Балаховіча выклікае шмат дыскусій, але, пэўна, неардэнарныя часы ствараюць неардэнарных асоб, якія гатовыя да дзеянняў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя