Дзень беларускага пісьменства: ад Полацка да Добруша



Сёння, 4 верасня, невялікі і ўтульны горад Добруш на Гомельшчыне прымае гасцей з розных куткоў нашай краіны — Беларусь адзначае ХХІХ Дзень беларускага пісьменства і друку. На вуліцах старажытнага горада праходзяць прэзентацыі і фестываль футбола, літаратурныя чытанні і канцэрты, працуюць персанальныя выставы і дзіцячыя пляцоўкі, адкрыты помнік народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну і г.д.

Першапачаткова дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі — 6 жніўня 1517 года. 3 1998 года дата святкавання ўстаноўлена ў першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. За сваю шматгадовую гісторыю Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Традыцыйна праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У Беларусі 2012 год быў аб’яўлены Годам кнігі. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным Полацку. Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (трой- чы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Наваградак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016). У 2017 г. сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк. Юбілейны, XXV па ліку, Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прыняў горад Іванава, дзе галоўным лейтматывам свята была тэма «Мая малая радзіма».

У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў старажытны горад Слонім. У 2021 годзе фестываль прайшоў у Капылі пад дэвізам «Слова нас аб’ядноўвае».

На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства праходзіў чатыры разы: у 2001 годзе свята прымаў Мсціслаў, у 2007 — Шклоў, у 2013 — Быхаў, у 2020 — «горад белых начэй» — Бялынічы.

Сёлета свята кнігі, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання прымае «фарфоравы» гарадок на поўдні Беларусі — Добруш — родны край народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

Беларускае Радыё Рацыя