Дзень Гедройца – 25 верасня
25 верасня ў прасторы ZAL#2 менскага Палаца мастацтваў адбудзецца шэраг мерапрыемстваў Прэміі імя Ежы Гедройца, фіналам якіх стане ганараванне сёлетніх лаўрэатаў.
А 16.00 распачнецца дыскусія «Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца» з удзелам польскіх і беларускіх інтэлектуалаў. Постаць рэдактара легендарнай «Культуры», ягоны ўплыў на сучасную культуру і палітычную думку абмяркуюць першы намеснік амбасадара Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, журналістка Марыя Пшэломец, Ігар Бабкоў, празаік, паэт, філосаф, куратар „Беларускага Калегіюму”, лаўрэат Прэміі Ежы Гедройца, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Мадэратар дыскусіі – Андрэй Хадановіч.
З 19.00 пачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца. Як і летась, да павелічэння прызавога фонду за І месца далучыліся прадстаўнікі айчыннага бізнэсу. Сёлета мэцэнатамі лаўрэата сталіся адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей» і Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт». Прызам за ІІ месца ад Саюза беларускіх пісьменнікаў будзе творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя). Фундатарам ІІІ месца Прэміі Гедройца сёлета выступае Беларуская служба Радыё Свабода, якая гарантуе выпуск аўдыёкнігі прызёра.
Падчас цырымоніі ўпершыню будзе ўручаная ўзнагарода ў намінацыі «Выбар Алексіевіч». Нобелеўская лаўрэатка зробіць свой выбар з шасці кніг, які ўвайшлі ў шорт-ліст. Прызам стане тэлефон iPhone Xr.
Музычнае суправаджэнне цырымоніі забяспечыць гурт VIBECLUB (https://vk.com/vibeclub)
У кароткі спіс Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі: «Поўня» Міхала Андрасюка, «Садомская яблыня» Алены Брава, «Часам панкі паміраюць» Сяргея Календы, «Libido» Іллі Сіна, «Вяртанне Ліліт» Юліі Шаровай, «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы.
Склад журы Прэміі Гедройца: Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.
Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей», Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт», Радыё Свабода.
Партнёры цырымоніі: кнігарня «Акадэмкніга», выдавецтва «Тэхналогія», Еўрарадыё, творчае аб’яднанне «Інакш», прастора ZAL#2, Палац мастацтваў, кампанія «Беларускамоўныя».
Медыяпартнёры: Белсат, Еўрарадыё, Радыё Свабода, Беларусский Журнал, Свободные новости плюс.
Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, „Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, „Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, „Танцы над горадам” (2018).
Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны!
Паводле прэс-рэлізу