Дзень і ноч танцаў у Гарадзенскіх дворыках



Танцавальная сустрэча «ДЗЕНЬ І НОЧ ТАНЦАЎ 27-28.Х.2018» распачнецца 27 кастрычніка а 20 гадзіне у «Цэнтры гарадскога жыцця» (вул. Кірава, д. 3) і працягнецца цэлую ноч да ранку.

У сустрэчы прымуць удзел музычныя капэлы з Беларусі і Літвы: «Колісьнія» (Менск), «На таку» (Менск, Магілёў), «Капэла Гарадзенскіх Дворыкаў», капэла з Літвы (Вільня, Клайпеда) і іншыя музыканты, якія граюць традыцыйную музыку.

Удзельнікі імпрэзы змогуць пачуць гукі скрыпкі, гармоніка, акардэона, дуды, цымбалаў, бубнаў, барабана, кларнета, бубна.

Пад жывую музыку зладзяць традыцыйныя танцы, якія здаўна танцавалі на нашых землях.

Рэпертуар музычных капэл — як распаўсюджаныя полькі, вальсы, факстроты, абэркі, мазуркі, гэтак і прызабытыя сёння фігурныя танцы: «Кракавяк», «Лысы», «Месяц», «Верабейка», «На рэчаньку», «Падыспань», «Якаў», «Жыдок», «Млын» і іншыя.

Удзельнікам танцавальнай сустрэчы можа стаць кожны ахвотны, нават тыя, хто яшчэ не знаёмы з традыцыйнымі танцамі. Іх адметнасць у тым, што рухі досыць простыя, у фігурных танцах яны ўвесь час паўтараюцца. Да таго ж, многія традыцыйныя танцы збіраюць удзельнікаў у агульнае кола, дзе можна падгледзець у іншых, як выконваць тую ці іншую фігуру.

Абавязковая рэгістрацыя.

Летась міжнародная ноч традыцыйных танцаў сабрала каля паўтары сотні ўдзельнікаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расеі.

Арганізатарам міжнароднай сустрэчы «ДЗЕНЬ І НОЧ ТАНЦАЎ 27-28.Х.2018» выступіў ініцыятар гарадзенскага сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» Андрэй Бароўскі.

На працягу дня ўдзельнікі сустрэчы змогуць бясплатна далучыцца да экскурсіі па Гародні з Ігарам Лапехам (27.10.2018 у 11.00) і наведаць адкрыццё выставы «Станіслаў Маленчык. Грай, скрыпка, грай…», прысвечаную 90-годдзю музыканта (27.10.2018 у 16.00).

«Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў» у сацыяльных сетках:

https://vk.com/tancy_dworykau

https://www.facebook.com/events/298930150592986

Беларускае Радыё Рацыя