Дзень літаб’яднання “Маладняк”
16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе Дзень літаб’яднання “Маладняк”, у межах якога ладзяцца круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі” і святочная імпрэза.
Літаратурная арганізацыя “Маладняк”, якая стала першым прафесійным згуртаваннем пісьменнікаў, адыграла выключную ролю ў развіцці беларускай літаратуры 1920-х. Да 100-годдзя згуртавання пісьменнікаў быў арганізаваны рэспубліканскі праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізуецца ў 2019–2023 гг. Ініцыятарамі яго стварэння сталі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” (часопіс “Маладосць”).
Круглы стол „Маладнякоўскімі крокамі” пачне працу у 11.00, на пасяджэнні будзе абмяркоўвацца роля літаб’яднання “Маладняк” у станаўленні беларускай літаратуры, а таксама вынікі першага года рэалізацыі і перспектывы праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Прагучаць даклады, прысвечаныя дзейнасці пісьменніцкага згуртавання і спадчыне “маладнякоўцаў” – А. Бабарэкі, У. Хадыкі, У. Дубоўкі, З. Бандарынай і іншых аўтараў.
Працягнецца мерапрыемства ў 16.00 святочнай імпрэзай, на якой пройдзе прэзентацыя рэспубліканскага праекта, прысвечанага 100-гадоваму юбілею літаб’яднання “Маладняк”, з прадстаўленнем віртуальнага праекта „На хвалі часу, у плыні жыцця” і яго новых раздзелаў, адзін з апошніх прымеркаваны да 115-годдзя з дня нараджэння паэта і перакладчыка Уладзіміра Хадыкі (1905–1940).
На літаратурнай вечарыне выступіць беларуская пісьменніца, настаўніца, літаратуразнаўца Ганна Севярынец, а таксама сайд-праект Naka Piano (Анастасія Шпакоўская і Ірына Кліменка), у выкананні якога прагучаць музычныя кампазіцыі, у тым ліку песня на словы В. Маракова “Адышоўшым”. Будуць прадстаўлены музычныя і літаратурныя нумары ў выкананні народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.
Завяршыцца імпрэза ў музеі кнігі адкрыццём выставы, прысвечанай аб’яднанню “Маладняк” і яго сябрам – В. Маракову, П. Трусу, М. Хведаровічу, А. Бабарэку і іншым юбілярам 2019 – пачатку 2020 г. Экспазіцыю складаюць кнігі і дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама фотаматэрыялы і рэчы маладнякоўцаў, прадстаўленыя Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.