Дзень нараджэння аўтара “Чужой бацькаўшчыны”



Цудоўнаму беларускаму празаіку Вячаславу Адамчыку (1933-2001), які быў родам з вёскі Варакомшчына Дзятлаўскага раёна, 1 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння. Тады, калі нарадзіўся Вячаслаў Адамчык, яго родная вёска была пад Польшчай і ўваходзіла ў Наваградскае ваяводства. Як прыгадваў у сваіх “Крэсках з аўтабіяграфіі” (Мн., 1973. С.9) пісьменнік, “Варакомшчына… дзікаватае, незвычайнае слова. Але яно для мяне хрумсціць, як парэзаная скрылікамі і падсмажаная з алеем бульба. Варакомшчына…”

Тры гады Вячаслаў Адамчык хадзіў у “нямецкую” школу, якая знаходзілася ў пустой яўрэйскай хаце з аблупленымі шпалерамі. Потым, пасля вайны, пайшоў у вячэрнюю. Адначасова пачаў падпрацоўваць, разгружаючы на чыгуначнай станцыі Наваельня цэмент, соль, гарэлку, кавуны. З таго часу вельмі любіў пах мазуты, свісток сцэпшчыка, раптоўны лязгат вагонаў і белы салодкі дым ад чорных паравозаў.

Да беларускага слова Вячаслава Адамчыка прывучылі кнігі віленскіх выданняў, што ляжалі на гарышчы ў дзядзькі. А беларускія песні пачуў ад маці, а таксама ад вясковых жанчын, якія заўсёды іх любілі спяваць, асабліва на вяселлях і хрэсьбінах. Землякі ўсе разам і натхнілі юнака на вучобу – у 1952 годзе ён паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

У 1957 годзе апублікаваў першае апавяданне. А праз год выйшаў першы зборнік прозы Вячаслава Адамчыка “Свой чалавек”. А потым былі дзесяткі іншых кніг. Але найбольшую папулярнасць пісьменніку прынеслі яго раманы “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца”, “Голас крыві брата твайго”. Яго раманы, прысвечаны жыццё Заходняй Беларусі. У цэнтры раманаў вобраз маладой жанчыны, якая, застаўшыся ўдавою, хоча знайсці сваё каханне, сваю страчаную маладосць, але па сутнасці губіць сваё жыццё.

За гэтыя кнігі пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Івана Мележа і Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.

Беларускае Радыё Рацыя