„Дзень Польшчы” ў цэнтры Менска



5 жніўня ля Ратушы пройдзе фэст “Дзень Польшчы ў Менску”.

Мінчан і гасцей сталіцы чакае насычаная і займальная праграма мерапрыемстваў, якая пазнаёміць з культурай і традыцыямі суседняй Польшчы, якая сёлета адзначае 100-годдзе аднаўлення сваёй Незалежнасці. 

Ля менскай Ратушы і на тэрыторыі Верхняга Горада цягам дня будуць працаваць розныя тэматычныя пляцоўкі, а ўвечары наведвальнікаў чакае выдатная музычная праграма ад хэдлайнераў з Польшчы. Свінг, танга, даваенны польскі джаз у сучасных аранжыроўках выканае надзвычай папулярны сёлета ў Польшчы і за яе межамі «JAZZ BAND MŁYNARSKIMASECKI», а на заканчэнне вечара – унікальная з’ява сусветнай музычнай сцэны, польскае трыа акардэаністаў «MOTION TRIO», музыка якіх выклікае эмоцыі, параўнальныя з уражаннямі ад клубнай тэхна-вечарынкі, акадэмічнага канцэрта ці нават рок-канцэрта.

На галоўнай сцэне выступяць таксама вакальныя і танцавальныя калектывы польскай дыяспары ў Беларусі. Дзённая музычная праграма завершыцца яскравым выступам польскіх гасцей – Моладзевага духавога аркестра з Гайнаўкі і эфектным шоў мажарэтак.

Аматараў спорту чакае папулярная ва ўсім свеце спартыўная гульня РЫНГА, якую прыдумаў паляк Уладзімеж Стшыжэўскі больш за 50 гадоў таму. На пл. Свабоды ля рэстарана «Рэнесанс» наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах і конкурсах, сыграць у паказальных матчах прафесіяналаў і аматараў.

Журэк. Флячкі. Бігас. Знакамітыя шэф-кухары з Польшчы правядуць майстар-класы па прыгатаванні традыцыйных польскіх страў. Паназіраць за цікавым творчым працэсам і пакаштаваць прысмакі можна будзе ў дворыку гатэля «Манастырскі» (вул. Кірылы і Мяфодзія, 8). На працягу дня фудкорты з польскімі традыцыйнымі стравамі будуць таксама працаваць уздоўж плошчы Свабоды. 

Навукова-забаўляльныя майстэрні для дзяцей і дарослых запрашаюць у Карэтны дворык ля Археалагічнага музея «Верхні горад». Лабараторыя Марыі Складоўскай-Кюры пакажа зацікаўленым навуковае шоў і займальныя досведы ад музея эксперыментальных навук «ЭКСПИРИмЕНтУС». Воблакі ў прабірцы, самаробныя петарды, парад рознакаляровых агнёў, а кульмінацыя праграмы – здзяйсненне мары кожнага навукоўца – стварэнне вечнага рухавіка!

Прадстаўнікі факультэта тэкстылю і вопраткі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Лодзі правядуць майстар-клас па эка-дызайне і пазнаёмяць з асноўнымі прыёмамі рамяства з выкарыстаннем ткацкіх матэрыялаў. Кожны ахвотны зможа стварыць унікальныя аб’екты на мяжы скульптуры і тэкстыльнага мастацтва.

Адна з найбуйнейшых у Польшчы навучальных устаноў – Лодзінскі ўніверсітэт – правядзе навуковую прэзентацыю, дэманструючы магчымасці аўтаматызацыі працэсаў паўсядзённага жыцця. Зацікаўленыя на практыцы пазнаёмяцца з цеплавізійнай камерай, 3D-прынтэрамі і робатамі, а таксама мабільнымі прыкладаннямі для дыстанцыйнага кіравання.

Малодшых наведвальнікаў фэсту напэўна зацікавіць каляровае падарожжа “Размалюй Польшчу”. Імправізаваная вандроўка па вялікай карце краіны адкрые цікавыя факты пра гісторыю, геаграфію, прыроду і жыхароў Польшчы. Прыемна і весела бавіць час дзетак запрашае таксама дзіцячая пляцоўка ад фабрыкі цацак «Палессе», якая размесціцца на плошчы Свабоды.

Пад вечар на Карэтным дворыку (вул. Кірылы і Мяфодзія, 8) польскі тэатр «НІКОЛІ» з Кракава прадставіць гледачам вулічны спектакль «ІМПРЭСАРЫА» – напоўненую мастацкімі вобразамі гісторыю таленавітых артыстаў, якія трапілі ў небяспечную пастку сучаснага свету.

І урэшце, дзе і як вывучыць польскую мову расскажуць і пакажуць на моўна-адукацыйным кірмашы, які будзе працаваць на арт-тэрасе за канцэртнай залай “Верхні горад”, з боку вул. Энгельса. Тут можна будзе пазнаёміцца з рознымі навучальнымі праграмамі, паўдзельнічаць у моўных гульнях і конкурсах, а таксама набыць кнігі польскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову.