Дзень роднай мовы ў Гародні



У Гародні і вобласці навучальныя ўстановы, бібліятэкі, грамадскія арганізацыі, адміністрацыйныя ўстановы напісалі чатырнаццатую агульнанацыянальную дыктоўку за два дні да свята роднай мовы. Асобныя грамадзяне маюць магчымасць напісаць беларускую дыктоўку, знаходзячыся дома, менавіта на Дзень роднай мовы. Заўважым, што праз каронавірусную пандэмію правесці масавую дыктоўку пад эгідай Таварыства беларускай мовы не рызыкнулі, але напісалі малой грамадой – актывам ТБМ Гарадзенскай вобласці і горада.

Кажа Іван Буднік, адзін з найстарэйшых сяброў арганізацыі:

– Мова яднае нацыю, а 2021 год аб’яўлены годам яднання народа. Гэта вельмі важна, таму што яна аснова нацыі, аснова дзяржавы. Таму надзяляецца вельмі вялікая ўвага і грамадскімі арганізацыямі, а цяпер і дзяржаўныя ўстановы таксама далучыліся да гэтай вялікай кампаніі. Праводзіцца сёлета чатырнаццатая агульнабеларуская дыктоўка.

Тэкст, які выбралі сябры гарадзенскай ТБМ, прысвечаны роднай мове, быў аўтарства Апанаса Цыхуна, заслужанага настаўніка Беларусі, шчырага беларускага патрыёта.

Зачытаў яго Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і расказаў пра гісторыю тэксту:

– Верш- гімн беларускай мове. І ўжо на пачатку 2000-х гадоў яго сябра – гарадзенскі  кампазітар – Аляксандр Шыдлоўскі напісаў ноты пад гэты верш. Потым яны яшчэ стварылі другі варыянт гэтага гімна. І вось сёння мы вырашылі ўспомніць гэты гімн на роднай мове і прачыталі яго для нашых сяброў таварыства беларускай мовы.

Беларусы могуць выбраць уласны тэкст з беларускай літаратуры, па якім напішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Таварыства беларускай мовы таксама падрыхтавала відэафайл з зачытанымі тэкстамі на выбар: да 90-годдзя паэта Ніла Гілевіча, і да 30-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі.        

                                                                                                                             

Тацяна Савянкова прынесла цэлую калекцыю дыктовак, якія яна пісала цягам чатырнаццаці год. Адна з дыктовак – з аўтографам Генадзя Бураўкіна

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя