Дзень роднай мовы з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі



21 лютага 2019 г. ранкам і ўвечары на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явяцца спрадвечныя беларускія словы, аб’яднаныя  дэвізам “Слоў не крышыць ні век, ні тапор” (Якуб Колас).

У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца ў гэтым годзе ўжо 20 раз, на вонкавым электронным светлавым табло бібліятэкі можна будзе ўбачыць не толькі традыцыйныя цытаты класікаў нацыянальнай літаратуры пра беларускую мову, але і словы, якія адрозніваюць нас ад іншых народаў.

“Для папулярызацыі роднай мовы сярод беларусаў мы выбралі тую лексіку, якая паказвае спецыфіку характару і быту, адносінаў да жыцця і акаляючага асяроддзя нашых суайчыннікаў, асаблівасці гучання і напісання нашай мовы”, – адзначае першы намеснік дырэктара Алена Далгаполава.

Кожны жадаючы зможа паспрабаваць успомніць, што такое “багоўка”, “усцяж” і “крынічыць”. Для тых жа, хто вырашыць праверыць свае здагадкі ці даведацца нешта новае, значэнні слоў будуць размешчаны у афіцыйных групах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў сацыяльных сетках.

Паводле прэс-рэлізу

Фота minsktourism.by