Дзень Святога Губерта ў музеі Паруліса



У музеі гарадзенскага збіральніка даўніны Януша Паруліса адбылося святкаванне неафіцыйнага Дня горада – Дня Святога Губерта.

Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў прыйшло,  каб паслухаць гісторыі пра горад і яго патрона, выступы музыкаў, што гралі на імпрэзе.

Пра дзень святога Губерта кажа музыка Павал Салаўёў:

– Для мяне Дзень Святога Губерта – гэта свята большае, чым тыя навамодныя святы як Хэлоўін, Дзень Святога Валянціна ды іншыя. Бо гэта звязана з нашым горадам. Хацелася б, каб яно святкавалася гучна. Каб гэта было днём нашага горада, а не тая прыдуманая дата, якую мы святкуем.

На думку гарадзенскага краязнаўцы і экскурсавода Віктара Кірэева, кожны горад мусіць мець такое свята:

– Для мяне гэта перш за ўсё дзень нашага слаўнага горада, бо кожны горад мусіць мець свой дзень. Вельмі цяжка, калі горад вельмі старажытны, як Гародня, вызначыць дакладны дзень нараджэння. Хто ведае, калі Гародня ўзнікла? Тысячу гадоў таму, можа больш, можа меньш? Ёсць розныя версіі. Але дзень свой мусіць быць. І чаму б не Дзень Святога Губерта?

Прыватны музей Януша Паруліса працуе ў Гародні ўжо восьмы год, і святкаванне Дня Святога Губерта адбылося ў гэтым месцы таму, што збіральнік лічыць Святога Губерта патронам свайго музея.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня