Дзень святога прарока Іллі



Сёння, 2 жніўня, у праваслаўных вернікаў Дзень святога прарока Іллі.

Паводле біблійскай гісторыі, яшчэ ў IX стагоддзі да нашай эры ён вёў у Ізраільскім царстве жорсткую барацьбу са жрацамі паганскага культу, якія ўцягнулі краіну ў амаральнае, распуснае жыццё. У выніку Ілля перамог. Прайшоўшы праз дзясяткі выпрабаванняў, ён застаўся адданым прыхільнікам веры ў адзінага Бога.

Па словах святара з Пінску Міхаіла Лабковіча, прарок Ілля – валадар грому, нябеснага агню, дажджу, апякун ўраджаю:

– Да яго звяртаюцца, калі бываюць вялікія засухі. Па яго святых малітвах заўсёды сыходзіць дождж. Былі такія традыцыі, калі працяглы час не было дажджу, будаваліся невялікія драўляныя храмы ў гонар прарока божага Іллі, яны называліся Абыдзенымі, то бок за адзін дзень узводзілі такія храмы-капліцы, і прарок Ілля пасылаў на зямлю дождж. Таксама будаваліся храмы ў засушлівых месцах, і калі з’яўляліся там такія храмы, людзі цудам божым знаходзілі ваду.

Дарэчы, за сваю непахісную веру ў адзінага Бога святы Ілля шануецца не толькі хрысціянамі, але і іудзеямі, і мусульманамі. Лічыцца, што прарок быў ​​узяты жывым на неба – падняўся туды на вогненнай калясніцы.

Беларускае Радыё Рацыя