Дзень Волі для “Сустрэчы”



Cпоўнілася 12 год існавання спеўнага гурта “Сустрэча”. За гэты час харэограф Менскай гімназіі Маргарыта Тарасава, што зараз з’яўляецца і экскурасавоводам Свята-Елісееўскага кляштара, 51-гадовы электрык Уладзімір Еўтух, а таксама дзяк Свята-Елізавецінскага кляштара, адначасова студэнт 4 курса духоўнай семінарыі, 45-гадовы Сяргей Талстой запісалі тры дыскі – аднайменны “Сустрэча”, а таксама “Радзіма мая” ды “Брат, збірай Беларусь”.

Усе – на вершы паэта Алеся Клышкі. Некалькі кампазіцый – на паэтычныя радкі Зніча, паэтычны псеўданім Алега Бембеля, які зараз у Жыровіцкім кляштары завецца айцом Іаанам. Зараз удзельнікі гурту запісаюць новы дыск, які пакуль без назова. Як і шмат год запар, 25-га сакавіка збіраюцца на вулічныя святкаванні Дня Волі. З чаго, уласна, і пачалася размова.

ТАЛСТОЙ: Сёлета пойдзем на шэсце разам шосты раз. Удзел у ім сёння – праява незалежнасці кожнага ад расейскай экспансіі найперш у мове, эканоміцы, на агрэсіўна-вар’яцкіх тэлеканалах. Псіхалагічна – гэта галоўнае, што разбурае нас. Дзень Волі – шлях да Адзінства.

 КЛЫШКА: У ВКЛ беларуская мова была не толькі дзяржаўнай, але і міжнародных зносін. Н ёй пісаліся, тлумачыліся ўсе юрыдычныя дакументы, каб былі зразумелыя ЎСІМ. Калі я пісаў гістарычны аповед “Шчасце маё”, шмат вывучаў дакументаў, газетных артыкулаў часоў нямецкай, польскай акупацыяў. Як узрушана, з уздымам адгукнуліся на абвяшчэнне БНР беларусы, што былі вымушаныя з’ехаць ад вайны за Урал ды ў Сібір! Гэта малітоўныя просьбы-ахвяры – як нам вярнуцца, чым дапамагчы Радзіме?! Сімптаматычна, што першыя пастановы БНР тычыліся змены назваў мястэчак, вуліц – даваліся, вярталіся беларускія. Увядзенне ў школьныя праграмкі беларускай мовы, якая пры царызме заціскалася ды душылася. Сёння, лічу, мы самі вінаватыя ў тым, што нам кажуць – “рускі свет прыйдзе”. Мару пра тое, каб надышоў БЕЛАРУСКІ. Для чаго ў Дзень Волі нагадваю сваім і суседзям-палякам, літоўцам, што мы, паводле гісторыі ды слынных постацяў, наперадзе многіх.

 РР: Але беларусы традыцыйна баязлівыя да зменаў. Чым цяпер, калі нават дзеячы апазіцыі кажуць пра немагчымасць Плошчы, можа ратавацца беларускасць беларусаў?

 ЕЎТУХ: Усе тутэйшыя – ад звычайных абыватэляў да вышэйшых кіраўнікоў – адчуваюць трывогу, унутраны неспакой за лёс Бацькаўшчыны. Каб не перастаць “народам звацца”. Гэтым днём павінны узгадваць – у нас была славутая ГІСТОРЫЯ, ёсць свая ТЭРЫТОРЫЯ, МОВА, ПАДАБЕНСТВА. Нібы, напамін ад Госпада – Беларусы, не страчвайце, трымайцеся, шануйце, памнажайце тое, што дадзена!

 РР: Пяройдзем непасрэдна да “Сустрэчы”. Слесар, харэограф, дзяк – гэта ж відавочна несумяшчальныя “лёд і полымя” . Што падахвоціла “Сустрэчу”?

 ЕЎТУХ: Паасобку , але адначасова шукалі, што можам аддаць краіне. З’ядналі, у тым ліку, вершы Алеся, якому на вечарыне ў “Кінаніі” з нагоды выхаду ягонай сумеснай кнігі з тады Інакам Мікалаем (Знічам ) пра Жыровіцы, паказалі першую партытуру. Ён захапіўся і стала піша для нас.

 РР: Як заспявала харэограф Маргарыта?

 ТАРАСАВА: У мяне заўжды былі пад рукой гітара і жаданне ствараць. Пішу і свае песні, але – не паверыце – льюцца толькі па-беларуску . Мабыць, генетыка. У мяне ёсць спавядальныя радкі:

Ніколі, ніколі-ніколі не прычыняйце болю!

Ні блізкаму, ні чужому, ні грэшнаму, ні святому.

Ніколі – вы чуеце, людзі – не пэцкайце сэрца ў брудзе!

Нам Бог у сваім запавеце сказаў, каб былі мы, як дзеці…

КЛЫШКА: Алаверды таксама вершам:

Невядомая толькі для нас – прадугледжана Богам СУСТРЭЧА.

Ён нам вызначыў месца і час. І патрэбныя словы дарэчы…

РР: “Сустрэча” -гурт аўтарскай песні, хоць у альбомах чуваць фартэп’янныя аранжыроўкі, водгукі духоўных песнаспеваў. У адной з вашых песняў ёсць узгадка пра “вышыню з адзнакай 60”. Гэта пра што і калі першую “сотню” скарыце?

 ТАРАСАВА: (смяецца ) Гэта напісалі ў дзень, калі Алесь, ня гледзячы на хваробы, “праз галовы паэтаў і ўрадаў”, змог сказаць – “мне споўнілася 60!”

 КЛЫШКА: Так што першая “вышыня” – зрабіць новы дыск, рабочы матэрыял да якога амаль гатовы. Будзем спрабаваць канцэртаваць…

 ТАРАСАВА: А яшчэ спрабаваць кожную наступную хвіліначку быць вышэй, чым былі да таго…

ТАЛСТОЙ: Хрыстос у Нагорнай прыпавесці сказаў, што “пакуль ідзеш з супернікам сваім – прымірыся з супернікам!” Гэта пра голас Сумлення, які не падвядзе. Толькі чуць яго трэба не пры святле аглушальнага штодзённага тлуму, а сам-насам, у цішыні. Тады разумееш, ці правільна ставішся да блізкіх, ці ўсё робіш для краіны. Гэта твая жыццёвая партытура, шлях да ўнутранага Прымірэння. Хай узнікаюць і не пакідаюць давеку гэтыя імгненні… 

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

 

Фота аўтара