Дзень восеньскага раўнадзенства і Дзень адзінства балтаў адзначылі на Лепельшчыне
Дзень восеньскага раўнадзенства і адначасова Дзень адзінства балтаў 22 верасня адзначылі на Лепельшчыне. У Старым Лепелі на аграсядзібе Вольгі Маханенка „Прыазёрная” сабраліся людзі, якія прытрымліваюцца беларускасці і шануюць традыцыі продкаў. А дваццатай гадзіне прысутныя запалілі вогнішча, чым далучыліся да ўжо традыцыйнай балтыйскай акцыі паліць агонь з 20.00 да 21.00. У Беларусі гэтая традыцыя пачалася з 2009 года.
Лепяльчане запалілі свечкі, узгадалі продкаў, гісторыю краю, сказалі адно аднаму пажаданні і падзяліліся марамі пра будучае краіны.
Кажа гаспадыня аграсядзібы Вольга Маханенка:
– Кожны жадаў прысутным і ўсім сваім знаёмым дабрабыту, шчасця, здароўя. Абрад выканалі. Наступны раз мы будзем больш змястоўна і добра рыхтавацца да свята, папярэдзім усіх. Ідэя добрая, і яна спадабаецца ўсім. Тым больш, што ў нас у Беларусі, можа, трэцяя частка сядзіб, якія пазіцыянуюць сябе як традыцыйныя беларускія сядзібы. Я думаю, што гэта будзе такім добрым унёскам.
Акцыю па запальванні вогнішча ў дзень восеньскага раўнадзенства падтрымалі не толькі на аграсядзібах Віцебшчыны, але і Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны, Гомельшчыны.
Беларускае Радыё Рацыя