У Менску прайшоў Дзень вышыванкі (абноўлена)



Дзень вышыванкі ў Менску прайшоў з аншлагам – Палац мастацтваў за некалькі гадзін фэсту наведала больш 5 тысяч чалавек.

На трох пляцоўках Палаца мастацтваў ішоў продаж сувеніраў, адзення з нацыянальнай сімволікай, розных дробязяў, ладзіліся конкурсы і моўныя гульні, міні-канцэрты, майстар-класы і лекцыі. Адзіны недахоп – Палаца мастацтваў аказалася замала для нацыянальнага фэсту. Як кажа адзін адзін з каардынатараў Дня вышыванкі Франак Вячорка, такія святы трэба ладзіць штомесяц і адначасова па ўсёй краіне – мо тады і задаволіцца дэфіцыт на беларускае ў Беларусі.

Гэта, безумоўна, галоўная падзея снежня. І вельмі цешыць, што столькі аматараў беларушчыны сабралася. Беларусы абуджаюцца, сталеюць як нацыя, цікавяцца сваім, сваёй культурай. А самае галоўнае – гавораць на мове. Упершыню ў адным месцы збіраецца столькі народу, і ўсе гавораць на цудоўнай беларускай мове. Гэта вельмі прыемна. І трэба рабіць такія мерапрыемствы штомесяц.

Кіраўнік «Арт Сядзібы» Павел Белавус зазначае, што свята ладзіла не вельмі вялікая каманда.

– Усё гэта мерапрыемства рабіла 6 чалавек. Плюс каля 10 валанцёраў. З іншага богу, была запатрабаванасць. Мы б не рабілі гэтага, калі б яно не было патрэбнае людзям і нам самім.

Як зазначае Павал Белавус, Дзень вышыванкі мусіць стаць традыцыйным, але калі пройдзе наступны – пакуль невядома.

* * *

З аншлагам у менскім Палацы мастацваў прайшоў Дзень вышыванкі. Яго арганізавала „Арт Сядзіба” пры падтрымцы Беларускага саюзу мастакоў. Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства. Першае адбылося ў кастрычніку. Па словах аднаго з арганізатараў і вядучых Дня вышыванкі Франка Вячоркі, ён не чакаў такой колькасці ўдзельнікаў і наведвальнікаў. У параўнанні з мінулым, дастаткова шматлюдным мерапрыемствам, колькасць наведвальнікаў вырасла ў некалькі разоў:

Гэта знак сталення нацыі, што беларусы абуджаюцца, адраджаюцца як незалежны народ. Не чакалі, што будзе столькі людзей. А было каля 4-5 тысяч чалавек. Толькі ў першыя 2 гадзіны было 3200 чалавек. Уся прадукцыя была раскупленая, стужкі раздадзеныя. Немагчыма было прайсці, не было чым дыхаць. І гэта, сапраўды, фантастычнае відовішча. Такое не можа не цешыць. І сведчыць пра тое, што перамены вельмі хутка.

На Дні вышыванкі працавалі каля ста гандляроў на 60 гандлёвых кропках. Яны прадавалі нацыянальную прадукцыю: сувеніры, вопратку, паштоўкі, кнігі ды карціны. Перад наведвальнкамі вытуступілі папулярныя беларускія рок-гурты. Прыехалі людзі не толькі з розных рэгіёнаў краіны, але нават з-за мяжы. Па словах Франка Вячоркі, атрымаўся сапраўдны агульнабеларускі фестываль мастацваў.

[Not a valid template]

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Залескага