Дзень жывой археалогіі правядуць у Белавежскай пушчы



У нацыянальным парку «Белавежская пушча» на тэрыторыі археалагічнага музея пад адкрытым небам 28 жніўня правядуць «Дзень жывой археалогіі», паведамляецца на сайце нацпарку.

«У гэтым годзе археалагічны музей пашырыў сваю тэрыторыю. Да гарадзішча позняга бронзавага — ранняга жалезнага вякоў, старажытнагерманскага падворку, славянскага селішча ранняга Сярэднявечча далучыліся новыя экспазіцыі. Гаворка ідзе пра стаянкі каменнага і бронзавага вякоў. Цяпер даследаванне можна пачаць з самых вытокаў і ўбачыць, як жылі людзі яшчэ 13 тыс. гадоў да н.э.», — распавялі ў нацыянальным парку.

Наведвальнікі змогуць на час акунуцца ў мінулае і ўбачыць побыт народаў, якія калісьці жылі на прасторах Белавежскай пушчы. У праграме мерапрыемства — экскурсія з гістарычным інтэрактывам, рэканструкцыя бою ранняга Сярэднявечча, паядынкі і тэатралізаваная пастаноўка, стральба з лука і кіданне кап’я. Запланаваны майстар-класы па старажытным рамёствам і промыслам. Напрыклад, можна будзе паспрабаваць свае сілы ў апрацоўцы крэменю і косці, стварэнні посуду па тэхналогіі выпальвання, ткацтве. Забаўляць гасцей будуць творчыя калектывы.

Археалагічны музей пад адкрытым небам адлюстроўвае жыццё нашых продкаў ад фінальнага палеаліту і да IX стагоддзя. Там прадстаўлены жыллё, прадметы побыту, прылады працы і віды дзейнасці старажытнага чалавека.