Дзесяць гадоў таму не стала Алега Лойкі
19 лістапада 2008 года ў Слоніме не стала аднаго з самых выбітных асобаў Беларусі, пісьменніка, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа,былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алега Лойкі (1931-2008).
Алег Лойка з выкладчыкамі філалагічнага факультэтата Белдзяржуніверсітэта
Алег Лойка быў родам са Слоніма. Ён любіў свой родны горад над Шчарай. Адсюль пайшоў у навуку, у літаратуру. Скончыў філфак БДУ і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам у БДУ, загадчыкам кафедры, узначальваў універсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”. Пры жыцці напісаў і выдаў больш за 100 кніг паэзіі, прозы, літаратуразнаўчых даследаванняў, перакладаў, падручнікаў.
Апошнія гады свайго жыцця ён жыў у родным Слоніме на Віленскай вуліцы. Памёр і пахаваны на гарадскіх могілках.
Алег Лойка на бальнічным ложку
У гонар знакамітага слонімца названа адна невялікая вуліца на ўскрайку горада і адкрыты маленькі пакой-музей у Слонімскай раённай цэнтральнай бібліятэцы. Але гэтага даволі мала дзеля ўшанавання такой вялікай асобы, як Алег Лойка ў маштабах краіны. Дзесяць гадоў таму мясцовыя чыноўнікі абацалі па-сапраўднаму ўшанаваць імя Алега Лойкі. Гутарка ішла, каб адкрыць у яго гонар мемарыяьную шыльду на будынку ліцэя, дзе ён вучыўся, надаць яго імя гэтаму ліцэю. Устанавіць у Слоніме стыпендыю імя Алега Лойкі лепшым вучням школ горада і навучэнцам вучылішчаў. Адкрыць у Слоніме беларускі культурны цэнтр імя Алега Лойкі, дзе наладжваліся б і праводзіліся б літаратурна-музычныя вечары і сустрэчы. Устанавіць помнік свайму вялікаму земляку. Але прайшло дзесяць гадоў, а да сённяшніх дзён няма ў Слоніме ні шыльды, ні помніка Алегу Лойку.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара