„Дзецюкі” на Birthday Cake Party
Выступ вядомага гарадзенскага гурта “Дзецюкі” стаў для гарадзенцаў, якія прысутнічалі цягам канцэртнага фэста, аб’яднанага назвай Birthday Cake Party, нечаканым сюрпрызам. У афішах, што распаўсюджваліся толькі праз сацыяльныя сеткі, было напісана, што на выступе будзе нечаканы госць. Канцэрт пачаўся з поўгадзінным спазненнем. Гарадзенскія рэперы чыталі свае закручаныя тэксты, а гурт “СНД” здзівіў сваёй простасцю словаў да песень пра неба і сонца. Бліжэй да 21-й гадзіны, калі на вуліцу Гародні пачала апускацца цемра, на сцэну выйшлі “Дзецюкі”. Музыкі гралі ўсечаным складам, бо адзін з вакалістаў гурта адсутнічаў.
Пра канцэрт распавядае Алесь Дзянісаў, вакаліст гурта “Дзецюкі”:
– Калі ў Гародні адбываецца канцэрт, на жаль так ужо склалася, што няма ніякіх адмысловых клубаў, нават у такім клубе, які не прыстасаваны да правядзення нармалёвага рок-канцэрта, калі нешта адбываецца – гэта ўжо нейкая падзея. У мяне пытаюцца, ці патрэбна гэта? Зразумела, што гэта патрэбна. Не ў плане нейкіх ідэалягічных рэчаў, а проста дзеля таго, каб людзі маглі прыйсці і проста адарвацца, адпачнуць.
“Дзецюкі” парадавалі гарадзенцаў амаль дзвума тузінамі песень, а выступ распачаўся новай кампазіцыяй, прысвечанай Давыду Гарадзенскаму. Бліжэйшымі днямі “Дзецюкі” выканаюць сваю акустычную праграму яшчэ на адным нечаканым для гарадзенцаў мерапрыемстве.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя