„Дзецюкі” прымуць удзел у канцэрце на Дзень Волі ў Гародні



„Дзень Волі” сёлета ў Гародні будзе адзначаны насычаным канцэртным мерапрыемствам у Каложскім парку з 13-ай да 17-ай гадзіны 23-га сакавіка, у суботу.  

Сярод музыкаў, якія выступяць, будзе гурт „Дзецюкі”. Як сказаў Алесь Дзянісаў, саліст гурта, часу на выступ даецца няшмат, каля 30 хвілінаў. Але паабяцаў, што песьні будуць адпавядаць настрою „Дня Волі”.

– Хацелася б, каб гэтае свята перастала набываць апазіцыйную афарбоўку. Хацелася б убачыць на гэтым свяце ўсіх, нават тых, каму “па барабане”. Каб людзі прыйшлі і ўбачылі, што гэта сапраўды трэба святкаваць, што мы – беларусы. Каб гэта набыло сэнс аб’яднання ўсіх.

Сярод музычных гуртоў, апрача „Дзецюкоў”,  маюць выступіць „Крама”, „Дай Дарогу”,  а таксама Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня