“Дзецюкі” запішуць новы супольны праект
Гарадзенскі гурт “Дзецюкі” пачаў запіс новага супольнага праекта з польскім гуртом „Hańba”. З беларуска-польскага праекта ўжо запісана некалькі песень, аднак вялікая яго прэзентацыя адбудзецца на “Басовішчы-2016”.
Алесь Дзянісаў распавёў пра гэта слухачам Беларускага Радыё Рацыя:
– Мы ўжо зрабілі чатыры сумесныя песні – дзве песні іхныя, дзве нашы, якія будзем спяваць па-польску і па-беларуску. І, зразумела, што будуць новыя аранжыроўкі. Мы плануем сумесна запісаць невялікі альбом.
Музыкі толькі што вярнуліся з тура па некалькіх дзесятках гарадоў Польшчы і Украіны і рыхтуюцца да вялікага выступу разам з гуртом Brutto ў Варшаве. Падчас туру стала вядома, што гурт трапіў у “чорны спіс”, і музыкам забаронена прэзентаваць свой новы альбом “Рэха” у Менску і Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня