Дзевяць слонімскіх мастакоў адкрылі выставу



У Слонімскім цэнтры культуры сябры суполкі “АРТ-Слонім” адкрылі ўнікальную выставу сваіх мастацкіх твораў.

Як мастакі, так і іх творы вельмі розныя паміж сабою і падобныя ў нечым. Падобныя, бадай, у тым, што іх творы годна працягваюць традыцыі сваіх настаўнікаў. Большасць з іх – рэалісты, якія распрацоўваюць традыцыі беларускага рэалізму. І большасць з іх – мастакі-жывапісцы, якія аддаюць перавагу тэхніцы алейнага жывапісу. А гэта мастакі Уладзімір Макарэвіч, Казімір Кулеш, Алег і Яўген Івановы, Аляксандр Сцяцэнка. Васіль Грыневіч і Андрэй Сідараў – мастакі-графікі, але іх творчыя манеры палягаюць пераважна ў рамках рэалістычнага стылю. Асобна ў агульнай суполцы “арт-слонімцаў” стаяць габелены Тамары Сцяцэнкі, якія вылучаюцца непаўторнасцю колеравай гамы і цікавымі аўтарскімі прыёмамі.

Самы вопытны сярод іх – Мікола Бушчык, які год назад вярнуўся з Менску ў Слонім і тут жыве. Гэта мастак-авангардыст, чыя творчыя здабыткі адносяць да стылю экспрэсіянізму. Выстава іх твораў проста зачаравала ўсіх тых, хто прыняў удзел у яе адкрыцці. Яна працягнецца да канца траўня.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара