Дзеячы культуры заклікалі да агульнанацыянальнага страйку



«Знішчыце ў сабе раба». 22 дзеячы культуры запісалі відэазварот у падтрымку «народнага ўльтыматуму» і агульнанацыянальнага страйку.

Пра гэта паведамляе Беларускі фонд культурнай салідарнасці. У запісе відэа ўзялі ўдзел вядомыя творцы з самых розных сфераў: акцёры, музыкі, мастакі. У іх ліку народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, музыка Лявон Вольскі, спявачка і тэлевядоўца Ларыса Грыбалёва, паэт Андрэй Хадановіч, дырыжор Андрэй Галанаў, мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, саліст Вялікага тэатра Ілля Сільчукоў, экс-міністр культуры Павел Латушка ды іншыя.

Усе яны па чарзе прамаўляюць заклік да беларусаў. Цытата: «Калі працуеце ў дзяржаўнай установе — не выходзьце на працу з 26 кастрычніка. Знішчыце ў сабе раба. Знайдзіце прычыну. Захварэйце. Ніякіх карпаратываў ды іншых івэнтаў на замову. Выходзьце ў свой двор. Гуляйце па вуліцах свайго горада».

Беларускае Радыё Рацыя