„Дзеяслоў” сустрэўся з гомельскімі чытачамі



Рэдакцыя часопіса „Дзеяслоў” прэзентавала новы нумар часопіса, у якім апублікаваны дзённік Уладзіміра Караткевіча, перад гомельскімі студэнтамі-філолагамі. У межах сустрэчы таксама была прадстаўленая новая кніга пісьменніка Алеся Пашкевіча „Рух”. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч заўважае, што аўтары „Дзеяслова” намагаюцца часта сустракацца з гомельскай публікай.

– Цягам гэтых 13 гадоў мы штогод бываем у Гомелі. Дзякуй вялікі ўніверсітэту, кіраўніцтву філфака за тое, што нас прымаеце. У нашым часопісе друкуецца самае цікавае з сучаснай беларускай літаратуры, пераклады, публіцыстыка. Варта паглядзець, скажам, апошні нумар, глянуць на вокладку і прозвішчы: Віктар Карамазаў, Уладзімір Караткевіч, Вінцэсь Мудроў, Уладзімір Някляеў.

У складзе літаратурнага дэсанту з Саюза беларускіх пісьменнікаў Гомель наведалі Алесь Пашкевіч, Зміцер Бартосік, Усевалад Сцебурака. Наступным пунктам у маршруце пісьменнікаў па Гомельшчыне сталася Веткаўская раённая бібліятэка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота vk.com/dziejaslou