„Dziеciuki” + „40 mil obłędu”
Арганізатарам варшаўскага канцэрта з’яўляецца Пётр Дудановіч і кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. На канцэрце таксама выступіць польскі гурт „40mil obłędu”.
– Імпрэза пад назвай “Рок на пачатку студэнцкага года”, на якой выступіць гурт “40 Mil Obłędu” са Скаржыска-Каменнай, такі польскі панк-рок, і гурт “Dziеciuki” з Гародні. Пачынаецца навучальны год і гэта імпэза, сярод іншага, як “Атрасіны” (свята пачатку першага курсу – рэд. ) першага курсу беларусістыкі. Зразумела, што калі беларусістыка, то патрэбны гурт з Беларусі, а калі беларусістыка ў Варшаве, то патрэбны і польскі гурт. Мне наогул цікава спалучаць музыкаў, людзей з розных краін, якія граюць нейкую падобную музыку – з гэтага атрымліваецца нешта цікавае. Адносіны са студэнтамі беларусістыкі, з самакіраваннем даволі добрыя. Гэта ўжо чарговая супольная імпрэза.
РР: “Dziеciuki” ужо шмат разоў выступалі ў Польшчы, а канкрэтна ў Варшаве, наколькі папулярныя іх канцэрты?
– Гэта мы ўбачым 8-га кастрычніка. Шмат хто пытае пра іх канцэрты – і палякі, і варшаўскія беларусы. Я ведаю, што на канцэрты прыязджаюць людзі з Берліна, з Кракава, з Гданьска. Я думаю, што публіка будзе.
РР: Чаму абраная гэтая пляцоўка? Гэта новая пляцоўка ці нешта там ужо адбывалася?
– Мы адмыслова шукалі клуб, які меў бы нейкае дачыненне да Беларусі. Вуліца Люблінская – Люблінская ўнія, польска-беларуская супольнасць – музычная ўнія. У гурта “Dziеciuki” атрымліваецца такі тур міні-тур па Польшчы. 7-га кастрычніка яны граюць у Сувалках у клубе “Komin”, які з’яўляецца даволі знакавай пляцоўкай для гурта, яны там ужо выступаюць ці не пяты раз, а на наступны дзень едуць у Варшаву.
РР: У гэтым годзе “Dziеciuki” упершыню ўдзельнічалі ў фестывалі “Nukstock” у Нямеччыне, што ў Лужыцы (зямля лужычан – славянскага народа), распавядзіце калі ласка пра гэты досвед.
– “Dziеciuki” выступалі ў гэтым годзе на фестывалі “Nukstock”, яны выступалі ў першы і апошні раз на гэтым фестывалі, бо фестываль пабудаваны на такім прынцыпе, што адзін гурт выступае толькі адзін раз. Давялося тры гады дабівацца таго, каб нехта з Беларусі туды ўсё ж такі прыехаў. На мой погляд публіка вельмі станоўча прыняла іх выступ. На наступны дзень я бачыў шмат людзей розных узростаў у кашульках гурта.
Канцэрт гурта “Dziеciuki” у Варшаве адбудзецца ў суботу, 8-га кастрычніка, а 20:17 на вул. Lubelska 30/32, клуб „Znośna Lekkość Bytu”.
Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца медыйным партнёрам канцэрта.
Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя