Dzieciuki апублікавалі песню з новага альбома
Беларускі фольк-панк-гурт Dzieciuki прадставіў на Soundcloud песню „Калі над лугам бусел праляцеў”. Гэта песня з’явіцца ў трэцім альбоме гурта.
Альбом, які будзе называцца „Радыё Гародня”, Dzieciuki спадзяюцца прадставіць на пачатку наступнага года. Трэці мае быць больш разнастайным чым папярэднія два, у ім будзе спалучэнне сучаснасці з гісторыяй, паралелі між цяперашнімі падзеямі і гістарычнымі.
„Калі над лугам бусел праляцеў” — песня на верш сучаснага беларускага паэта Алеся Чобата. Алесь Дзянісаў ужо запісваў яе ў межах сольнага праекта „Кароткая гісторыя Беларусі”. У новым альбоме Dzieciuki, кажа ён, будзе яшчэ адна песня на верш Чобата, усяго плануюцца „мінімум тры” лірычныя кампазіцыі.