Dzieciuki далучыліся да кампаніі «Каліноўскі – наш герой»
Гарадзенскі гурт Dzieciuki далучыўся да кампаніі «Каліноўскі – наш герой» . Гэтая кампанія накіраваная на тое, каб дапамагчы ўладам зрабіць правільны выбар, бо як пісаў сам Каліноўскі: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!». Гурт прадставіў слухачам новую песню “Час касінераў”.
Пра песню распавядае лідар гурта Алесь Дзянісаў:
– Для нас гэта гонар. Будуць яшчэ падобныя акцыі, таму што Каліноўскі – гэта сапраўды наш герой. Мы абавязкова ўсім складам паедзем 2 лістапада ў Вільню, таму што для нас гэта проста фантастычная падзея, і для Беларусі, і для беларусаў. А што тычыцца песні, то песня была напісана, прыблізна, у тыя часы, калі і пісаліся ўсе іншыя песні, якія ўвайшлі ў альбом “Кароткая гісторыя Беларусі”, мой сольнік. Адзінае, што гэтую песню Чобат папрасіў, каб я не ўключаў у гэты сольнік. Ён сказаў, што гэтая песня не пасуе да гэтага альбома.
Алесь Дзянісаў зазначыў, што песня “Час касінераў” будзе адной з песняў ў альбоме гурта Dzieciuki «Радыё Гародня» , які яшчэ пакуль не выкладзены ў сеціве.
– Гэта будзе фінальная песня . А зараз, калі мы вырашылі падтрымаць гэтую акцыю, то зразумела, што трэба было падтрымаць нейкім сваім “прадуктам”. І нам прыйшлося “засвяціць” яшчэ адну песню, хаця альбом дагэтуль яшчэ не выйшаў. Але вось яшчэ адна песня ёсць.
Да кампаніі «Каліноўскі – наш герой» далучыліся таксама лэйбл БМА group, які ладзіць музычную кампанію «Uzajemna!/Узаемна!», вытворца патрыятычнай вопраткі LSTR, які выпусціў новы прынт «Gloria Victis».
Беларускае Радыё Рацыя