Dzieciuki едуць у Берасце з новым альбомам „Радыё Harodnia”



Гарадзенскі рок-гурт Dzieciuki ўжо другі раз зайграе ў берасцейскім клубе Coyote і гэтым разам з новым альбомам „Радыё Harodnia”. Акрамя таго чакаюцца адмысловыя госці з суседняй Польшчы.

Падрабязней кажа суарганізатар канцэрту, дырэктар прома-суполкі „Зала чакання” Зміцер Назараў:

– Dzieciuki не першы раз у горадзе. Яны ўжо выступалі ў нас. І Дзянісаў быў у нас у Берасці з акустыкай. Але сёння мы робім легальны канцэрт у клубе. Скарысталіся магчымасцю прывезці па бязвізу і польскі гурт NO LOGO. Таму ў нас будзе такое свята рок-н-ролу, з падтрымкай польскага гурта, калі нашы Dzieciuki сыграюць свой новы альбом, новую праграму.

Першы і пакуль апошні раз у Берасці Dzieciuki выступалі паўтара гады таму 1 кастрычніка 2017 году. Сёлетні канцэрт стартуе 30 чэрвеня, як і раней у клубе Coyote а 19-й гадзіне. Кошты квіткоў ад 10-ці беларускіх рублёў.

Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя