Dzieciuki: Менск – Re:Public – 28 красавіка
Гарадзенскія музыкі з гурта DZIECIUKI атрымалі „гастрольку” у Менскім гарвыканкаме на выступ 28 красавіка ў клубе Re:Public. Для гурта гэта будзе доўгачаканы выступ, бо афіцыйна дазволены сольны выступ у Менску адбыўся ажно 27 лютага 2016 году. Гурт выступаў на 100-годдзе БНР, гралі на фэсце Наш Дзень пад Менскам, але сольныя выступы працягвалі забараняць.
Пра дазвол выступіць на менскай сцэне распавядае Алесь Дзянісаў:
– Я не ведаю, што за прычына была даць дазвол. Напэўна вырашылі, што глупства забараняць. Магчыма, папярэдні кіраўнік Менскага гарвыканкама быў больш прынцыповы. А зараз магчыма прыйшоў такі чалавек, які вырашыў даць магчымасць выступаць.
Музыка распавёў пра тыя песні, што прагучаць на менскім канцэрце:
– Гэта ўжо складана будзе назваць панк-рокам, бо выкарыстана шмат стыляў, рытмаў. Больш разнастайны будзе, чым два папярэднія. Мы паспрабавалі паглядзець на сучаснасць праз нейкія мінулыя рэчы. То бок, гэта спалучэнне сучаснасці і мінулага. Наколькі гэта атрымалася, гэта ўжо да слухачоў і крытыкаў.
Сольны выступ гурта DZIECIUKI 28 красавіка 2019 году будзе прэзентацыяй новага альбому, які мае назву “Радыё “Harodnia”. Квіткі на выступ гурта ўжо з’явіліся ў продажы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня