Dzieciuki выклалі ў сеціва свой новы альбом
Альбом мае назву «Радыё Harodnia», і ў ім можна паслухаць 12 трэкаў.
Па словах лідара і аднаго з вакалістаў гурта Алеся Дзянісава, праца над альбомам была вельмі канцэптуальнай:
– Паэксперыментавалі з рознымі стылямі. З’явіліся нават такія цяжкія песні. І наадварот. Хтосьці скажа, што мы адыйшлі ад стылю фолк-панка. Я б не сказаў, што мы, па-першае, чапляліся за гэты стыль. Па-другое, я б не сказаў, што мы так моцна адыйшлі. Ад папярэдняга альбому “Рэха” ён адрозніваецца тым, што той быў канцэптуальна-гістарычным альбомам.
Алесь Дзянісаў кажа, што ў альбоме выкарыстаныя вершы розных аўтараў, у тым ліку два вершы Алеся Чобата:
– Дзве песні на вершы Алеся Чобата. Адна з іх была ў маім сольніку “Калі над Бугам бусел праляцеў”. Мы яе даўно ўжо прэзентавалі. Гэты альбом задумваўся больш пра сучаснасць ці пра сувязь сучаснага з мінулым. Наколькі гэта атрымалася, я не ведаю.
Сярод аўтараў тэкстаў для новага альбома гурта ёсць таксама Алесь Кіркевіч, гарадзенскі журналіст і пісьменнік, а песня “Надпіс на каменьні над крыніцай” напісаная на словы Уладзіміра Караткевіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня