“Dzieciuki” выступяць у Слоніме
У слонімскім клубе Dance Floor 20 траўня выступіць гарадзенскі знакаміты гурт “Dzieciuki”.
Па словах аднаго з вакалістаў гурту Алеся Дзянісава, канцэрт будзе складацца з ужо вядомых твораў гурту, якія ўваходзяць у альбомы „Рэха” і “Гарадзенскі гармідар”:
– На канцэрце мы выканаем усе песні з двух альбомаў, а таксама новыя песні: “Гародня” і песня на верш Уладзіміра Караткевіча “Надпіс на камені над крыніцай”. Абедзве новыя песні ўвойдуць у новы альбом, над якім мы плынна працуем. Але пастаўлена задача – не свяціць новыя песні, каб не было так, як у мінулы раз, калі большасць песень (80-90 адсоткаў) гучала ўжо на канцэртах. Але тады гэтаму было тлумачэнне: нам папросту не хапала праграмы.
Квіткі на выступ гурту, які распачнецца 20 траўня а 20-й гадзіне, можна набыць праз сацыяльныя сеткі, а таксама перад пачаткам канцэрта на ўваходзе ў клуб.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня