“Дзікае паляванне караля Стаха” неўзабаве можна будзе пабачыць на віцебскай сцэне
Віцебскі драматычны тэатр імя Якуба Колас зноў звярнуўся да творчасці Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёр Юры Лізянгевіч завяршае працу над пастаноўкай славутай аповесці пісьменніка “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Кажа літаратурны рэдактар тэатра Алесь Замкоўскі:
– У першую чаргу варта згадаць вядомыя “Званы Віцебска”. Потым рэжысёр Міхась Краснабаеў паставіў тры спектаклі – “Ладдзя Роспачы”, “Леаніды не вернуцца на Зямлю” і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Як вядома, гэта празаічныя творы, але ўсе былі інсцэніраваны. І вось ужо другі рэжысёр нашага тэатра Юры Лізянгевіч таксама вырашыў далучыцца да творчасці Уладзіміра Сямёнавіча і паставіў спектакаль паводле яго знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Алесь Замкоўскі таксама паведаміў, што спектакль амаль што гатовы для паказу, але патрабуюцца некаторыя дапрацоўкі. Дакладная дата прэм’еры яшчэ не вызначана, хутчэй за ўсё яна адбудзецца ў кастрычніку – на пачатку новага тэатральнага сезону.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя