Дзіцячае свята ў Гародні
Вялікае дзіцячае свята, што зладзіла “Беларуская Прастора”, адбылося ў Гародні ў гарадскім доме культуры. Гэта былі выступы хораў, дзіцячых калектываў, дзеці чыталі вершы і спявалі беларускія песні.
Пра мерапрыемства распавядае арганізатар фэста Алесь Квіткевіч:
– Вельмі ўсцешаныя тым, што атрымалася. Гэта наш першы досьвед правядзення такога мерапрыемства ў Гародні. І нечакана нават для нас саміх мы адкрылі для сябе цэлы акіян вельмі таленавітай дзіцячай творчасці. Дзеткі спявалі, таньчылі, чыталі вершы. І гэта ўсё настолькі шчыра, непасрэдна, што і мы, і тыя, хто былі ў зале, засталіся вельмі задаволеныя тым, што мы ўбачылі і пачулі.
На думку Юрыя Усціновіча, што прадстаўляў на свяце беларускіх рыцараў, такія святы –адзін са спосабаў знаёмства з беларускай гісторыяй.
– Падчас такіх мерапрыемстваў мы сустракаемся з дзецьмі. Дзеці – гэта чысты белы ліст. Мы спадзяёмся, што можам неяк паўплываць, каб яны звярнулі ўвагу на нашу класную гісторыю, такую і трагічную, і гераічную, і вельмі захапляльную. І на нашую цудоўную культуру.
Арганітзатары свята плануюць завітаць у Гародню ў наступным годзе і правесці вялікае свята ў парку Жылібера.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня