Дзмітрый Строцаў: У Берліне я выдаў ужо 6 кніг беларускай паэзіі
Расейскамоўны паэт з Менска Дзмітрый Строцаў актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і нават пачаў пісаць паэтычныя рэпартажы пра тое, што бачыў на вуліцах. 21 кастрычніка 2020 года паэт быў выкрадзены пасярод вуліцы. На наступны дзень яго знайшлі ў ІЧУ Жодзіна, дзе паэт быў асуджаны на 13 сутак арышту.
Пасля адбыцця пакарання паэт пакінуў Беларусь. І цяпер выдае кнігі беларускай паэзіі ў Берліне.
– Быў перыяд, калі я згубіў выдавецкую ліцэнзію ў Беларусі і быў вымушаны перанесці дзейнасць у Расеі, для Беларусі. Зараз я выехаў і з Беларусі, і з Расеі, і адкрыў выдавецтва ў Берліне. Мяне гэта вельмі натхняе. Я выпусціў ужо 6 кніг беларускай паэзіі, працую яшчэ над некалькімі. У плане рэалізацыі я бачу, што ўсё адбываецца правільна. Але, канешне, я хачу быць дома, я хачу ўсе свае праекты рабіць дома.
У берлінскага выдавецтва Hochroth ёсць некалькі філіялаў у розных еўрапейскіх краінах. Дзмітрыю Строцаву прапанавалі адкрыць яшчэ адзін філіял пад назвай Hochroth-Minsk. У сваім выдавецтве ў Берліне Дзмітрый Строцаў ужо выдаў 6 кніг беларускай паэзіі – Ганны Севярынец, Насты Кудасавай, Крысціны Бандурынай, Ганны Комар, Артура Камароўскага і Вольгі Злотнікавай. Кнігі можна заказаць па электронным адрасе: [email protected].
Беларускае Радыё Рацыя