Дзве творчыя сустрэчы на Лідчыне



Слонімскія літаратары Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч, Святлана Адамовіч і Надзея Салейка наведалі Лідчыну. Іх запрасілі на сустрэчу з чытачамі ў Беліцкую сярэднюю школу і ў літаратурна-музычны салон “Над Лідзейкай” Лідскага замка.

У школе ў Беліцы слонімскія літаратары прачыталі свае творы, правялі конкурс сярод вучняў 6-7 класаў, прысвечаны беларускай літаратуры. Пераможцы конкурсу атрымалі ад гасцей падарункі. А паэтка, спявачка і мастачка Надзея Салейка праспявала таксама вядомыя песні ў перакладзе на беларускую мову.

Пасля сустрэчы ў Беліцы слонімцы наведалі Ліду, дзе выступілі ў канферэнц-зале Лідскага замка. Сустрэча адбылася пад агульнай назвай “Паланэз над Шчарай”. Пра сустрэчу супрацоўнік музея Валянціна Таўлая Алесь Хітрун сказаў наступнае: “Трэба зазначыць, што ў Слоніме 1 верасня бягучага года прайшло чарговае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства і друку. А, дзякуючы гісторыі беларускай літаратуры, вядома, што Слонім мае літаратурныя сувязі з Лідчынай: Валянцін Таўлай пакінуў важкі след у беларускім горадзе над Шчарай. Згодна канцэпцыі правядзення дадзеных сустрэч, для лідзян – прыхільнікаў прыгожага беларускага пісьменства, былі зачытаны добрыя вершы з вуснаў Сяргея Чыгрына, Міколы Канановіча, Святланы Адамовіч.Аздабленнем праграмы на гэты раз стала і музычнае выкананне, якое было агучана Надзеяй Салейка. Сустрэча ўсім прысутным вельмі спадабалася”. Менавіта Алесь Хітрун і распачаў гэту сустрэчу ў Лідскім замку.

Нагадаем яшчэ, што госці па традыцыі адказалі на пытанні гледачоў-слухачоў, пакінулі дарчыя запісы-аўтографы ў кнізе водгукаў і паабяцалі яшчэ не раз прыехаць у беларускі прынёманскі горад Ліда.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара