“Дзяды” па-беларуску ў Вроцлаве



У Вроцлаве праходзяць дні беларускай культуры. Сярод іншага быў паказаны спектакль паводле “Дзядоў” Адама Міцкевіча ў пастаноўцы “Тэатра Ч”. Аўтар сцэнічнай версіі (мантаж тэксту) – Максім Клімковіч. Рэжысёр спектаклю Рамунэ Кудзманайтэ зазначыла, што гэты спектакль быў пастаўлены не столькі дзеля ўражання, колькі дзеля таго, “каб людзі не спалі, а пачалі шукаць дарогі да свабоды”. Сваімі ўражаннямі ад спектакля для Беларускага Радыё Рацыя падзяліўся паэт Андрэй Хадановіч:

– У Беларусі някепска з паэзіяй, някепска з эсэістыкай, з кароткім апавяданнем. Высветлілася, што па сусветных маштабах у Беларусі здорава з літаратурай nonfiction – Святлана Алексіевіч засведчыла гэта. Але з тэатрам нібы адчувальныя праблемы. Праблемы, якія толькі мацней відаць, калі бываюць бліскучыя выключэнні. Сумесны праект “Тэатра Ч”, міжнародны праект “Дзяды”, як па мне, бліскучае такое выключэнне. Цудоўны прыклад актуалізацыі класікі праз стагоддзі, праз культурныя бар’еры, якія нібыта і ёсць, а з іншага боку, найперш трэба, відаць, згадаць працу перакладчыка Сержа Мінскевіча. “Дзяды” на беларускую мову перакладаліся некалькі разоў, і Мінскевічава версія – не першая, але, на маю думку, найбольш удалая. Адзін прыклад: самаахвярны герой, які крычыць “Jeszcze Polska nie zginęła”, Кастусь Цвірка колісь так і пакінуў у беларускай версіі. Мінскевіч зрабіў “Жыве мая Радзіма”, і тое, што ў Менску выклікала брава публікі, і тут зачапіла за жывое.       

Арганізатар „Дзён незалежнай беларускай культуры”, старшыня фонду “За нашу і вашу свабоду” прафесар Мікола Іваноў асабліва адзначыў, што палякі цяпер разумеюць, што Міцкевіч – гэта наш супольны паэт:

– Для мяне галоўнае тое, што ўсе дасканала разумеюць беларускую мову. І не таму, што яны чулі гэтую мову, не таму, што яны вывучалі гэтую мову, але таму, што гэта школьная праграма для палякаў. І яны ўсе ведаюць гэта са школы. І палякі, якія прысутнічаюць у зале нарэшце разумеюць, што Міцкевіч нарадзіўся на беларускай зямлі, што Міцкевіч – гэта не толькі польскі паэт, але таксама і беларускі.

Гэтае прадстаўленне, яно не толькі беларускае, яно як бы беларуска-літоўскае. Бо ўсе: і кампазітар, і рэжысёр, і мастак-пастаноўшчык – літоўцы з Вільні.

Андрэй Хадановіч:

– Увогуле трэба сказаць, што як на сёння, ёсць адчувальныя праблемы, і ў акцёраў, і ў сучаснай публікі, і ў перакладчыкаў, калі гаворка ідзе пра верш. Мне здаецца,  што і Мінскевіч, і акцёры, і рэжысёрская праца зрабіла так, каб гэта не перашкаджала слухаць і граць, а дапамагала.

Усе былі бліскучыя. Зразумела, што галоўная роля спадара Падалякі, так і як Конрада, як і Густава, мяне чарговы раз зачапіла і зварухнула. Мне здаецца, атрымалася тэатральнае свята. Папіняць трэба, панаракаць на арганізатараў, што гэтае свята адбылося не пры аншлагу, якога гэтая праца заслугоўвае. Але хай адсутныя пачуюць і пазайздросцяць тым, хто быў на гэтым прадстаўленні.

Мікола Іваноў: Гэты твор у нейкім сэнсе будзе абуджаць душы тых людзей, якія духова спяць на сённяшні дзень, якім усё роўна, якая ўлада, што яна робіць і г.д. Гэта такі заклік да змагання, заклік да барацьбы за ўласнае шчасце, за праўду.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара