Дзяніс Лісейчыкаў: Культ святой Еўфрасінні Полацкай аднавілі базыльяне
Шанаванне святой Еўфрасінні Полацкай да XVII стагоддзя не было масавым. Яе культ, як апякункі беларускіх земляў, аднавілі базыльяне.
Кажа гісторык, намеснік дырэктара Нацыянальна-гістарычнага архіва Дзяніс Лісейчыкаў:
– Напрыклад, у сямнаццатым стагоддзі базыльяне паспрабавалі рэанімаваць культ святой Еўфрасінні Полацкай. Нам здаецца, што была такая святая ў Полацку і ўвесь час быў яе культ. Насамрэч не, ён такім паўсюдным пачаў рабіцца з сямнаццатага стагоддзя з падачы базыльянаў. Нават у нас, у Менску, у пэўны час, праўда, нядоўга ў сямнаццатым стагоддзі існавала царква святой Еўфрасінні Полацкай, якая была пасля разбураная.
Найбольш вядомыя манастыры ўніяцкага ордэна базыльянаў знаходзіліся ў Жыровічах і Супраслі. Базыльяне — уніяцкі манаскі ордэн на тэрыторыі Першай Рэчы Паспалітай, які разгарнуў сваю дзейнасць у пачатку сямнаццатага стагоддзя.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя