Дзяржаўныя выданні і выдавецтвы не плацяць ганарары аўтарам



Такой крытычнай сітуацыі, у якой сёння апынуліся дзяржаўныя літаратурныя выданні і выдавецтвы, не было з 1945 года. Выдавецтвы “Беларусь”, “Выдавецкі дом “Звязда”, “Мастацкая літаратура” і іншыя па 2-3 гады не выплочваюць ганарары за кнігі сваім аўтарам. Хаця і гэтыя ганарары мізэрныя, як кажуць у народзе – “кот наплакаў”. Але і іх дзяржаўныя выдавецтвы своечасова не могуць выплаціць аўтарам за кнігі, за іх шматгадовую працу.

У крытычнай сітуацыі знаходзяцца і дзяржаўныя літаратурныя выданні: часопісы “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, “Вожык”, “Вясёлка”, “Бярозка”, штотыднёвік “ЛіМ”, скуль таксама пісьменнікі месяцамі не атрымліваюць ганарары за свае публікацыі. А калі раней са спазненнем іх атрымлівалі, то па словах літаратараў, гэтыя ганарары былі – капейкі, па якія сорамна нават ісці на пошту атрымліваць. Некаторыя аўтары іх проста адсылалі назад. У бухгалтэрыі выдавецтваў і рэдакцый штодзённа тэлефануюць пісьменнікі і выказваюць сваё незадавальненне наконт выплаты і налічэння ганарараў за літаратурныя творы і публікацыі. Такой абразы ў адрас літаратарараў, непавагі да іх і іх творчасці, як сёння, нават старэйшыя пісьменнікі не памятаюць. Ды і не было такога ў пасляваенны час ніколі.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя