Дзяржава выдзеліць грошы на рэстаўрацыю Каложскай царквы
Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне № 109рп аб зацвярджэнні рашэння савета фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва аб выдзяленні са сродкаў фонду 369.834 рублёў на фінансаванне творчых праектаў.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, грошы будуць накіраваныя на выкананне рэстаўрацыйных работ і капітальны рамонт Барысаглебскай (Каложскай) царквы XII стагоддзя ў Гародні і кансервацыю Княскай вежы Крэўскага замка XIV стагоддзя.
Акрамя таго, сродкі выдзеляць Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку на танаванне адслоеных роспісаў XVIII—XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя.
Даведка: Свята-Барыса-Глебская Каложская царква — унікальны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідства XII стагоддзя ў Беларусі і Усходняй Еўропе. Дакладная дата пачатку будаўніцтва невядомая, мяркуюць, што мураваная царква на крутым беразе ракі Нёман у Гродне была ўзведзеная ў 1140—1170 гадах.
Руіны Крэўскага замка знаходзяцца ў вёсцы Крэва блізу горада Смаргонь (Гродзенская вобласць). Гэта адзін з найстарэйшых беларускіх замкаў, створаны ў пачатку XIV стагоддзя, першы на тэрыторыі Беларусі замак, цалкам пабудаваны з каменя. Таўшчыня сцен складала 2,5 метра, вышыня — 12-13 метраў. У замка былі дзве вартавыя вежы. У XVI стагоддзі замак неаднаразова вытрымліваў аблогі татарскага і маскоўскага войскаў. Да пачатку XIX стагоддзя ён страціў сваё абарончае значэнне і быў закінуты. Падчас Першай сусветнай вайны замак быў моцна разбураны.
БелаПАН