Дзятлаўчане хочуць надаць музею імя яго заснавальніка
На Дзятлаўшчыне пачаўся збор подпісаў, каб надаць мясцоваму гісторыка-краязнаўчаму музею імя заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўца, гісторыка Міхася Петрыкевіча (1913-1999), які гэты музей стварыў.
Дзякуючы Міхасю Петрыкевічу 5 мая 1968 года ў Дзятлаве была адкрыта першая экспазіцыя ў мясцовым музеі. Пра свой музей і экспанаты ў ім, Міхась Петрыкевіч мог тады расказваць суткамі. Гэта было цікавейшае падарожжа па мінулай і сучаснай гісторыі Дзятлаўшчыны. Наведвальнікі слухалі і дзівіліся яго апантанасці і памяці. Ён ведаў гісторыю кожнага экспаната, адкуль і як ён трапіў у музей. А за многімі экспанатамі цягнуўся доўгі ланцужок людзей і падзей…
Наваградская беларуская гімназія. Сядзіць трэці злева ў першым радзе Міхась Петрыкевіч, 1929 г.
За сваё жыццё Міхась Петрыкевіч быў узнагароджаны шматлікімі дыпломамі, медалямі, ганаровымі граматамі. Дзякуючы нястомнай пошукавай і даследчай працы, Міхасю Петрыкевічу ўдалося адкрыць новыя імёны, вярнуць і ўвекавечыць забытую славу некаторых людзей. З яго ініцыятывы былі ўстаноўлены многія помнікі і адкрыты мемарыяльныя дошкі (у прыватнасці, Ігнату Дварчаніну ў вёсцы Погіры), а вуліцам прысвоена імя героя ці знакамітага земляка. Вяртанне гэтых імёнаў не заўсёды было простым.
З 1967 года Міхась Петрыкевіч друкаваў у газетах і часопісах артыкулы на самыя розныя краязнаўчыя тэмы. Вельмі шчыра ён сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Анатолем Іверсам, Фёдарам Янкоўскім, Янкам Скрыганам і многімі іншымі. Яго працы і даследаванні былі выдадзены асобнай кнігай “Народжаны вечнасць тварыць” (Мн., 2013).
(Злева направа) Аляксей Карпюк, Міхась Петрыкевіч, Янка Брыль, Яўген Крамко, украінскі пісьменнік з Луцка Пётр Мах. 1982 г.
Каля 20 гадоў ён аддаў Дзятлаўшчыне, роднаму музею. А потым пераехаў жыць у Вільню да дачкі Святланы і да ўнукаў, хаця не парываў сувязяў з музеем, часта прыязджаў у Дзятлава, пісаў пісьмы, даваў парады, цікавіўся музейнымі справамі. А ў Вільні Міхась Фёдаравіч наведваў Таварыства беларускай культуры, бываў на усіх беларускіх мерапрыемствах… 6 сакавіка 1999 года яго не стала.
2 жніўня 2013 года ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым адзначылі 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Петрыкевіча. Падчас ушанавання супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама пасмяротна занеслі яго імя ў ганаровую Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Дакумент пра гэта і спецыяльны кубак уручылі сыну Валерыю Петрыкевічу. Дзятлаўчане добра памятаюць Міхася Фёдаравіча Петрыкевіча і яны шчыра жадаюць, каб музей у Дзятлаве насіў яго імя, а на будынку музея з’явілася мемарыяльная шыльда. Тым больш, што сёлета 31 ліпеня Міхасю Петрыкевічу спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота з архіва аўтара