Дзятлаўчане ўшануюць свайго земляка



Жыхары Дзятлава сабралі і перадалі ў мясцовы райвыканкам больш за 200 подпісаў з просьбай надаць Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею імя заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўцы і гісторыка Міхася Петрыкевіча (1913-1999), які гэты музей стварыў і адкрыў.

Дзятлаўскі музей

Па гэтым пытанні ў Дзятлаве адбыліся грамадскія слуханні, ў якіх прынялі ўдзел 40 жыхароў Дзятлава і супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка і Васіль Шыцько. Ветэран вайны Аляксандр Лях у час выступу адзначыў, што добра ведаў Міхася Петрыкевіча, які шмат зрабіў па ўшанаванні знакамітых дзятлаўчан, у тым ліку і ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. «Гэта дзякуючы Міхасю Петрыкевічу мы маем сёння ў Дзятлаве музей, які павінен насіць ягонае імя», — адзначыў спадар Лях.

Аляксандра Ляха падтрымалі Яўген Савань, Віктар Белавус, Эдуард Голуб і іншыя жыхары Дзятлава, якія прыйшлі на грамадскія слуханні. Супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама прапанавалі альбо надаць імя Міхася Петрыкевіча музею, альбо адкрыць мемарыяльную шыльду на музеі. Але ўсе прысутныя не пагадзіліся з такой прапановай, таму было вырашана і надаць імя Міхася Петрыкевіча музею, і адкрыць мемарыяльную шыльду на будынку гэтай установы культуры.

Міхась Петрыкевіч, 1982 г.

Да 2 жніўня гэтага года, калі Міхасю Петрыкевічу споўніцца 105 гадоў з дня нараджэння, Дзятлаўскі музей павінен насіць яго імя і будзе адкрыта мемарыяльная шыльда.

Янка Брыль, Георгй Вылчаў і Міхась Петрыкевіч на Свіцязі, 1964 г.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава