Дзятлаўчане знаёмяцца з партрэтамі Міндоўга, Льва Сапегі, Кастуся Каліноўскага…



У Дзятлаўскім Цэнтры культуры адкрылася выстава беларускага кераміста, жывапісца, скульптара, сябра Саюза беларускіх мастакоў Мікалая Несцярэўскага пад агульнай назвай “Сэнс жыцця – мастацтва”.

IMG_1116

Выстава прымеркавана да 85-годдзя мастака. Яе адкрыў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Пра жыццё і творчасць Мікалая Несцярэўскага распавядалі гісторык і краязнавец Анатоль Валахановіч, пісьменнік Сяргей Чыгрын, краязнавец Фёдар Красюк і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.

IMG_1061

IMG_1066

IMG_1096

Мікалай Несцярэўскі нарадзіўся ў вёсцы Бацюты каля Беластока. А пасля Другой сусветнай вайны сям’я Несцярэўскіх пад прымусам пераехала да сваякоў у Дзятлава на Гарадзеншчыну. У 16 гадоў Коля пайшоў працаваць у дзятлаўскую арцель «Чырвоны Кастрычнік». Там выраблялі мэблю. Спачатку хлопца прынялі вучнем сталяра, а з цягам часу ён стаў працаваць самастойна. Навучыўся рабіць розную мэблю. Сам выконваў эскізы, сам жа іх і ўвасабляў у рэальныя рэчы. Прыродныя здольнасці, кемлівасць, спрыт у руках ужо тады вылучалі юнака. А яшчэ высветлілася, што ён можа добра спяваць, танцаваць, іграць на розных музычных інструментах. I ў 1955 годзе Мікалая паклікалі на працу ў Дзятлаўскі раённы Дом культуры. Там арганізаваў аркестр, доўгі час ім кіраваў, сам іграў на трубе.

Калі ў Дзятлаве задумалі стварыць лялечны тэатр, то лялек узяўся намаляваць і зрабіць Несцярэўскі. Удалося паставіць нават некалькі спектакляў. Шмат давялося вандраваць па Дзятлаўшчыне з канцэртамі, пастаноўкамі. А яшчэ юнак паспяваў вучыцца. Працуючы ў Доме культуры, ён скончыў Гарадзенскае культасветвучылішча, а пазней – Менскі тэатральна-мастацкі інстытут. Аднойчы ён пачуў пра Івянецкую фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі. Вырашыў паехаць туды і папрасіцца на працу. Хлопца ўзялі, і зноў ён стаў вучнем. Пераймаў у вопытных працаўнікоў сакрэты ганчарнага майстэрства. А пасля інстытута Мікалай Несцярэўскі трапіў на Менскі мастацка-вытворчы камбінат. Менавіта там да самага заслужанага адпачынку працаваў мастаком-керамістам.

Сёння Мікалай Несцярэўскі вядомы як майстар манументальнай керамікі. Ён стварыў шэраг цікавых дэкаратыўных твораў для грамадскіх будынкаў Менска, Валгаграда, Светлагорска, Салігорска, Гародні, Дзятлава. Працаваў над афармленнем аэрапорта «Менск-2», станцыі менскага метро «Плошча Якуба Коласа». Многія яго керамічныя работы занялі пачэснае месца ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах.

Але найбольш работ Мікалая Несцярэўскага знаходзіцца на Дзятлаўшчыне. Фонды Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць больш за 200 яго работ. I амаль усе яны падораны музею. Мастак-кераміст перадаў музею калекцыю дэкаратыўных скульптур аб’ёмных формаў, серыю керамічных партрэтаў (медальёны, плакеткі) дзяржаўных дзеячаў старажытнай Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, дзеячаў беларускага Адраджэння.

IMG_1004

IMG_1007

IMG_1011

IMG_1019

IMG_1035

IMG_1046

IMG_1109

Падчас адкрыцця выставы жыхары Дзятлава і госці знаёміліся з творамі Мікалая Несцярэўскага. Найперш прыцягвалі вока керамічныя і алейныя бюсты і партрэты Міндоўга, Кастуся Каліноўскага, Льва Сапегі, Станіслава і Адама Солтанаў, Аляксандра Палубінскага, заснавальніка Дзятлаўскага музея Міхася Петрыкевіча, паэта Віктара Шымука і іншых асобаў.

IMG_1034

Мікалай Несцярэўскі шчыра падзякаваў усім за арганізацыю выставы, за цёплы прыём і святочную ўрачыстасць.

IMG_1083

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара