Дзятлаўскі краязнавец ушаноўвае сваіх землякоў
Застаць дома ў Дзятлаве Валерыя Петрыкевіча амаль немагчыма. Ён заўсёды ў творчых і грамадскіх справах, а спраў гэтых хапае. У мінулыя гады спадар Петрыкевіч шмат зрабіў дзеля захавання памяці сваіх знакамітых землякоў.
Дзякуючы Валерыю Міхайлавічу і калектыву мясцовага музея, на будынку музея з’явілася мемарыяльная шыльда, прысвечаная яго бацьку Міхасю Петрыкевічу (1913-1999), які заснаваў гісторыка-краязнаўчы музей у Дзятлаве. У вёсцы Зачэпічы быў адкрыты пару гадоў таму мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечанай тром заходнебеларускім паэтам – Васілю Струменю, Гарасіму Праменю і Петрусю Граніту, якія былі родам з гэтай вёскі. Цяпер там штогод адбываецца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі і песні. А ў вёсцы Труханавічы, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба, з’явілася яму прысвечаная мемарыяльная шыльда. І гэта ўсё з добрай рукі Валерыя Петрыкевіча.
Цяпер Валерый Міхайлавіч з’яўляецца арганізатарам ушанавання памяці вядомага грамадскага дзеяча, паэта, публіцыста, доктара філасофіі Ігната Дварчаніна (1895-1937), які быў родам з вёскі Погіры і якога знішчылі ў сталінскіх лагерах. У вёсцы Погіры Валерый Міхайлавіч разам з супрацоўнікамі мясцовага музея і ТБМ, дзякуючы кампаніі “Зробім лепш-2020”, устанаўлівае камень з мемарыяльнай шыльдай, аднавіў шыльду на адной з хат у вёсцы, дзе знаходзілася хата Ігната Дварчаніна і г.д.
Сёлета ў рамках кампаніі „Зробім лепш” плануецца таксама ўстанавіць шыльду, прысвечаную заходнебеларускаму паэту і выдаўцу Сяргею Хмару (1905-1992), які нарадзіўся ў вёсцы Казлоўшчына. Так што Валерый Петрыкевіч з Дзятлава знаходзіць час і робіць добрую справу не толькі для роднай Дзятлаўшчыны, але і для ўсёй Беларусі па ўшанаванні слынных людзей сваёй Бацькаўшчыны. Таму нашым краязнаўцам з іншых рэгіёнаў Беларусі ёсць з каго браць прыклад.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён
Фота аўтара