Дзятлаўскія краязнаўцы выдаюць кнігу за кнігай
Апошнія пяць гадоў плённа працуюць краязнаўцы з Дзятлава. Следам да гісторыкам Фёдарам Красюком, які напісаў і выдаў дзве кнігі пра падарожжы па старых вуліцах Дзятлава, свет пабачылі кнігі іншых краязнаўцаў Дзятлаўшчыны. Гэта выданні Валерыя Петрыкевіча, Міхаіла Лук’янчыка і Алены Абрамчык.
Найбольш актыўную даследчыцкую працу на ніве краязнаўства праводзіць супрацоўніца Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык. Яна ўжо напісала і выдала цудоўныя і цікавыя выданні: “Дзятлаўскі край: вядомыя і невядомыя старонкі”, каляровыя альбомы „Пішу тое, што хвалюе” і „Вабяць родныя прасторы”, напісаныя ў сааўтарстве з мастакамі Валерыям Ранцэвічам і Іванам Козелам.
І вось нядаўна ў Гародні з друку выйшла новая кнігі Алены Абрамчык “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. На 412 старонках аўтарка з захапленнем напісала пра вядомых людзей Дзятлаўшчыны, пра знакавыя мясціны і гістарычныя падзеі на Дзятлаўскай зямлі. Шмат старонак у кнізе адведзена Другой сусветнай вайне. Гэта і ўспаміны людзей, і невядомыя ваенныя факты, і пра тых, хто вызваляў Дзятлава ад гітлераўскіх акупантаў, і пра ліпічанскі атрад Талаша і г.д. З цікавасцю чытаюцца артыкулы ў кнізе пра таямніцы партызанскага патэфона, пра генеральскі плашч і скураное паліто, і пра невядомага раней паэта з Ліпічанскай пушчы Вахоніна.
Шмат добрых і шчырых радкоў у кнізе адведзена дзеячам Заходняй Беларусі Ігнату Дварчаніну і Юрыю Тарасюку, святару Феафану Семяняку, вучонаму Міхаілу Нікіфараву, мастаку Напалеону Ордзе, пісьменнікам дзятлаўскай зямлі, і шмат-шмат іншым асобам, лёс якіх быў звязаны з Дзятлаўшчынай.
Кнігі дзятлаўскіх краязнаўцаў, у тым ліку Алены Абрамчык, заслугоўваюць самай вялікай павагі да творчасці аўтараў і з’яўляюцца вельмі карыснымі ў вывучэнні роднага краю, найперш сваёй малой радзімы.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя