Дзявятую Прэмію Гедройца атрымаў Сяргей Дубавец (абноўлена)



15 кастрычніка ў Менску прайшла цырымонія ўручэння дзявятай літаратурнай прэміі Ежы Гедройца. Галоўны прыз атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу “Тантамарэскі”.

 

Другое месца ў Андрэя Адамовіча (“Песні пра Цімура”), трэцяе — у Зараславы Камінскай (“Калядны стол”).

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца за найлепшую кнігу, напісаную ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы.

Кажа Сяргей Дубавец:

– Кніга не толькі пра фальшывае правасуддзе, яна і пра вечныя каштоўнасці ў наш сённяшні час, што такое чалавечая дабрыня. Калі мы зірнем на нашу ўладу, мы не пабачым там праяваў дабрыні, яе проста няма. А што для звычайных людзей дабрыня сёння? Час мяняецца, іншая эпоха, то прападаюць, то з’яўляюцца антаганізмы дабра і зла.

Уручэнне прэміі прайшло ў сталічным Палацы мастацтваў падчас фестывалю „Pradmova”. З вітальным словам да прысутных выступілі першы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі і польскі пісьменнік Януш Леон Вішнеўскі.

У кароткі спіс 9-га сезона прэміі ўвайшлі:

Андрэй Адамовіч. Песня пра Цімура. Янушкевіч, Менск, 2019. Вольга Гапеева. Кэмэл-Трэвэл. Галіяфы, Менск, 2019. Адам Глобус. Рысы. Логвінаў, Вільня, 2019. Сяргей Дубавец. Тантамарэскі. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Менск, 2019. Зараслава Камінская. Калядны стол. Галіяфы, Менск, 2019. Ганна Севярынец. Гасцініца “Бельгія”. Рэгістр, Менск, 2019. Склад журы Прэміі Гедройца 2020: Ала Брадзіхіна, літаратуразнаўца, выкладчыца; Наста Грышчук, літаратурны крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Вера Жыбуль, літаратуразнаўца, паэтка, перакладчыца; Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры; Ціхан Чарнякевіч, літаратуразнаўца, крытык.

Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Менску, Польскі Інстытут у Менску, Карэнсі Ком Бел, Адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей», Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт», Радыё Свабода.

Партнёры цырымоніі: фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova, Еўрарадыё, творчае аб’яднанне «Інакш», прастора ZAL#2, Палац мастацтваў.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Менску ў 2012 годзе і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012); Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013); Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014); Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015); Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016); Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017); Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018); Ілля Сін “Libido” (2019).

 

 

 

Беларускае Радыё Рацыя