Эдвард Злобін: У Пінску не павінны адмовіцца ад ідэі аднаўлення касцёла Святога Станіслава



У Пінску пачалося грамадскае абмеркаванне плана развіцця гістарычнага цэнтра. Між іншага праектам прадугледжана паляпшэнне інфраструктуры для пешаходнага і роварнага руху, вынас з цэнтра прамысловых прадпрыемстваў і складоў.

Краязнаўца Эдвард Злобін прапаноўвае вярнуцца да пытання адраджэння касцёла Святога Станіслава:

– Рэкамендацыямі генеральных планаў, якія існавалі да гэтага, прадугледжвалася пытанне аднаўлення касцёла Святога Станіслава ў Пінску, як у кантэксце рэканструкцыі самой плошчы, а таксама непасрэдна аднаўленне гэтага велічнага культавага будынку, які з’яўляецца сімвалам як Пінска, так і Палесся. І пытанне ўздымалася, як у канцы 90-х, так і ў пачатку 2000-ы гадоў, менавіта Міністэрствам культуры, і было падтрымана як грамадскасцю свецкай, так і рэлігійнай.

Касцёл Святога Станіслава, які з’яўляўся самым вялікім касцёлам езуітаў на Беларусі, знішчылі за савецкім часам у жніўні 1953 года. Ён знаходзіўся на цэнтральнай плошчы Пінска. 

Беларускае Радыё Рацыя