“Экалэнд” на Глыбоччыне



“Экалэнд” – ужо другі па ліку экалагічны фэст адбыўся на пляцоўцы агракомплекса “Утрына”, што ў Глыбоцкім раёне. Яго ладзіў спажывецкі кааператыў “Велесаў шлях”, у які ўваходзіць сем мясцовых аграсядзіб. Падчас імпрэзы прайшлі майстар-класы па вырабе экалагічных страў і іх дэгустацыя.

Кірмаш экалагічнай прадукцыі, зёлак, вырабаў з дрэва, выцінанак і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А таксама паказ экалагічнага адзення і фітнес-заняткі.

Па словах саўладальніцы агракомплекса “Утрына” Наталлі Трафімавай, пры дапамозе гэтага  мерапрыемства яны хацелі паказаць, што экалогія – гэта іх жыццё.

– У комплексе “Утрына” мы ў мінулым годзе зрабілі першы экалагічны фестываль. Усім спадабалася.  Зараз фестываль мы зрабілі сумесна з кааператывам “Велесаў шлях”. Шэсць аграсядзіб падтрымалі нас, і мы атрымалі падтрымку не толькі нашых сябраў кааператываў, але і сябраў Тыдня ўстойлівага развіцця. Гэта мерапрыемства падтрымліваецца нямецкім інстытутам Ёхана Рау.

На працягу ўсяго мерапрыемства прысутныя каталіся на конях і хасках, слухалі лекцыі пра здаровы лад жыцця, рабілі экскурсіі па агракомплексе “Утрына” і знаёміліся з тэматычнымі пляцоўкамі іншых аграсядзіб. Увечары аматары здаровага ладу жыцця наведвалі лазню па-чорнаму і весяліліся разам з дыджэямі і музычнымі калектывамі.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара