Эксклюзіўная кніга пра Антарктыку перададзена ў Нацыянальную акадэмію навук
Фонд Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі папоўніла лімітаванае выданне кнігі «ANTARCTICA» канадскай кампаніі «Nahanni Productions Inc».
Дадзенае выданне перададзена ў дар Кіраўніку Урада Рэспублікі Беларусь з нагоды 60-й гадавіны падпісання Дагавора аб Антарктыцы. Было прынятае рашэнне аб перадачы выдання на захоўванне ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі з мэтай азнаямлення з ім усіх зацікаўленых.
«ANTARCTICA» з’яўляецца адным з самых вытанчаных твораў кніжнага мастацтва нашага часу. Аформленае ў традыцыях старажытнага пераплёту яно змяшчае эксклюзіўныя матэрыялы. «ANTARCTICA» атрымала 19 міжнародных узнагарод – больш, чым любая іншая сучасная кніга: « Найлепшы ў свеце фотаальбом» ( «Worldʼs Best Photography Book»), прэмія «Залатыя чарніла», выбітная кніга года ў намінацыі «Найлепшае кніжнае афармленне ручной працы», прэмія Бенджаміна Франкліна (найлепшае друкаванае выданне ў свеце) і іншыя.
Дзесяць гадоў напружаных намаганняў увасобіліся ў тыраж 1000 асобнікаў, з якіх 950 пранумараваны і індывідуальна падпісаныя аўтарамі. Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стала ўладальніцай асобніка № 701. Выданне змяшчае аўтограф яе Вялікасці Каралевы Іарданіі Нур, Ганаровага Прэзідэнта Міжнароднай арганізацыі па абароне птушак і захаванню іх асяроддзя пражывання, які сведчыць, што ўсе сабраныя сродкі будуць накіраваныя на кампанію па выратаванні альбатросаў.
336 старонак утрымліваюць 345 фотаздымкаў, зробленых аўтарамі кнігі мужам і жонкай Пэтам і Размары Кіў. Эксперты па палярных даследаваннях сцвярджаюць, што няма іншага апублікаванага партфоліо Антарктыды, якое магло б параўнацца з творчасцю Кіў. За гэту працу Пэт і Размары былі ўдастоены звання «Фатограф прыроды года» і «Найлепшая кніга па фатаграфіі ў свеце» ад Міжнароднага камітэта па фатаграфіі. Кожны малюнак кнігі размешчаны на раскошнай шчыльнай паперы з выкарыстаннем святлаўстойлівых пігментаў і літаграфіі з самам высокай дакладнасцю.
Вага тома, які складае прыкладна 12,5 кілаграм (27,6 фунтаў), роўны вазе двухгадовага дзіцяці.
Блокі ўсіх экзэмпляраў кнігі, уключаючы асобнік, перададзены на захоўванне ў Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі, прашытыя ўручную і апранутыя ў пераплёт з дробназярністай казінай скуры маракен, якая імітуе мастацкія вокладкі, што вырабляліся ў Венецыі ў XV стагоддзі. Кожны асобнік прадстаўлены ў трывалай ільняной і аксамітнай архіўнай скрынцы.
Кніга будзе даступная ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.