Экскурсіі па падземных галерэях форта прапануюць у Гародні



Пад Гародняй адкрылі ўнікальную музейную экспазіцыю, з экскурсіяй можна наведаць падземныя галерэі стогадовага форта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У Гарадзенскім раёне для турыстаў адкрыўся самы вядомы – IV форт Гарадзенскай крэпасці, адзіны (з 13 фартыфікацыйных збудаванняў) поўнасцю захаваны да нашых дзён.

Форт пабудаваны ў 1914 годзе, а ўжо ў жніўні-верасні 1915 года яго гарнізон прыняў на сябе ўдар германскай арміі. У сярэдзіне форта абстаноўка максімальна набліжана да тых часоў. Нягледзячы на тое, што ён выкарыстоўваўся ў якасці закансерваванага каманднага пункта да 1970-х гадоў, для турыстаў аднавілі атмасферу стогадовай даўнасці.

На экскурсію па 150-метровым падземным маршруце наведвальнікі выходзяць у касках і з моцнымі ліхтарамі.

„Адкрыццё новага аб’екта – чарговы крок у рэалізацыі канцэпцыі музеефікацыі. Ён, упэўнены, будзе прывабным як для турыстаў з Беларусі, так і для іншаземцаў, паколькі форт уваходзіць у тэрыторыю бязвізавай зоны”, – сказаў намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

У Гарадзенскай вобласці дзейнічае 18 музеяў і больш за 300 музейных экспазіцый. Канцэпцыя прадугледжвае на працягу 2017-2018 гадоў адкрыццё больш за 60 новых музеяў і музейных экспазіцый.

„Усё гэта будзе садзейнічаць не толькі прыцягненню турыстаў, але і дапаможа нам у адукацыі, дапаможа заняць дзяцей, зацікавіць, паказаць ім гісторыю на цікавых прыкладах, выхаваць у патрыятычным плане”, – падкрэсліў Віктар Лісковіч.

Зацікавіліся новым аб’ектам на турыстычнай карце і фірмы, занятыя ў сферы паслуг і працуючыя ў тым ліку з іншаземцамі. Але гэта толькі першы крок у стварэнні на месцы форта паўнавартаснага турыстычнага аб’екта. У планах – адкрыццё музейнага пакоя, пашырэнне анімацыйных праграм.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны вакол Гародні на адлегласці амаль 10 км было пабудавана 13 фартоў. Большасць з іх у час той вайны былі ўзарваны.

Фота meridian28.com