Экскурсія па Купалаўскім з нагоды 100-га тэатральнага сезону
Тэатр Янкі Купалы, што ў Менску, распачынае свой 100-ы тэатральны сезон. З гэтай нагоды прайшло свята 100-годдзя, госці якога змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах ды забаўляльных пляцоўках, зрабіць “вусы Купалы” з дапамогай барбераў, адведаць аўтарскія тэатральныя сэты пад назвамі “Ноч на Каляды”, “Людзі на балоце”, “Чорная панна Нясвіжа”ды інш. Але бадай што самым цікавым была экскурсія па тэатральным закуліссі.
Адну з іх праводзіла акторка Хрысціна Дробыш:
– Мы праходзім па асноўным цэхам тэатра – гэта касцюмерны, рэквізітарскі, грымёрны цэхі, гэта арт-фае, гэта, вядома, канешне ж, сцэна, як вялікая, так і камерная, а таксама закулісная частка, дзе знаходзіцца галерэя акцёраў, якіх ужо з намі няма і якія не выходзяць на сцэну, акцёры, якія засталіся ў гісторыі тэатра як вельмі магутныя яе стваральнікі. І канешне ж, камінная зала – мабыць упрыгожванне глядацкай часткі тэатра.
Свята скончылася канцэртам з удзелам Ягора Забелава, Святланы Бень, гуртоў “Касіяпея” і “ili-ili”.
Кася Манюк, Беларускае Радыё Рацыя